30 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочаткаў - БЕЛТА/. Асоба педагога і яго светапогляд павінны стаць узорам для пераймання вучнямі. Такое меркаванне выказала ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА рэктар Інстытута развіцця адукацыі Віцебскай вобласці Людміла Слепнява, якая прымала ўдзел у рэспубліканскім нарадзе педагагічнага актыву.
Паводле яе слоў, чырвонай ніткай шматлікіх выступленняў у ходзе мерапрыемства праходзіў тэзіс аб тым, што асобе педагога і яе развіццю ў сучасных умовах неабходна надаць самую пільную ўвагу, у тым ліку павышаючы яго статус у грамадстве. Верагодна, з-за самых розных аб'ектыўных прычын у апошні час гэтыя прыярытэты зрушыліся. Так, інстытут класнага кіраўніцтва прайшоў пэўную рэарганізацыю, і калі гэта не дае пазітыўнага выніку, то можа быць мэтазгодна вярнуцца да вопыту ранейшых гадоў, павысіўшы і статус, і аўтарытэт класнага кіраўніка, адзначыла Людміла Слепнява. Класны кіраўнік зноў павінен стаць для вучняў другой мамай, у павышэнні аўтарытэту класнай дамы павінны адыграць сваю ролю і бацькі.
Ужо ў самы бліжэйшы час трэба будзе больш увагі надаваць вывучэнню гісторыі краіны, свайго роднага краю і горада не толькі ў рамках адукацыйнага курса "Гісторыя Беларусі", але і значна шырэй, у пазаўрочны час. Таксама ў ходзе выхаваўчай работы сёння патрабуецца знаходзіць і прымяняць такія формы, каб пачуццё патрыятызму закладвалася што называецца генетычна, станавілася стрыжнем асобаснай характарыстыкі маладога пакалення.
У гэтым напрамку неабходна больш актыўна выкарыстоўваць індывідуальныя формы работы як з дзіцем, так і з бацькамі. "Гэтыя формы патэнцыйна здольныя прынесці большы эфект, чым масавыя мерапрыемствы, бо калі ты глядзіш дзіцяці ў вочы, то можна і трэба "дастукацца", - упэўнена Людміла Слепнява. І тут зноў жа на першае месца выходзіць асоба педагога. Узорнасць педагога мае на ўвазе асабісты паводніцкі прыклад і ўнутраную перакананасць, падкрэсліла рэктар інстытута. Акрамя таго, у выхаванні дзіцяці значна большую ролю павінна адыграваць сям'я, дадала яна.-0-
БЕЛТА
Асоба педагога і яго светаўспрыманне павінны стаць узорам для пераймання вучняў
30.8.20110 праглядаў