16 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Асобы ўсіх загінулых і пацярпелых у аўтааварыі ў Ліпецкай вобласці беларусаў устаноўлены, амбасада Беларусі ў Расіі аказвае іх родным усю неабходную дапамогу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.
Паводле інфармацыі амбасады, 15 красавіка ў 5 гадзін 29 хвілін на 394-м км трасы М-4 "Дон" у раёне павароту на населены пункт Чыбісаўка Ялецкага раёна Ліпецкай вобласці Расіі мікрааўтобус "Фальксваген-Транспартар" пад кіраваннем грамадзяніна Беларусі ў выніку невыканання хуткаснага рэжыму не справіўся з кіраваннем і дапусціў сутыкненне з грузавым аўтамабілем "МАН", які стаяў на абочыне. У мікрааўтобусе знаходзіліся 8 чалавек, уключаючы кіроўцу, якія з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і жыхарамі, пераважна, Віцебскай вобласці.
У выніку аварыі 5 чалавек загінулі, трое пацярпелі. Адзін з пацярпелых атрымаў ушыбленую рану галавы і ад шпіталізацыі адмовіўся, другі знаходзіцца ў здавальняючым стане ў траўматалагічным аддзяленні Ялецкай гарадской бальніцы №1 з страсеннем мозгу і ўшыбамі, трэці ў цяжкім стане шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне гэтай жа бальніцы з ушыбамі галаўнога мозгу.
Кансульскі аддзел амбасады знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Ялецкай гарадской бальніцай №1, а таксама з цэнтрам кіравання крызіснымі сітуацыямі па Ліпецкай вобласці. Родным, якія звяртаюцца па тэлефоне ў консульскі аддзел, даюцца кансультацыі па афармленні дакументаў для дастаўкі ў Беларусь целаў загінулых.
Створана гарачая лінія ГУ МНС Расіі па Ліпецкай вобласці (тэл. +74742-22-88-60). Таксама арганізавана праца псіхолагаў у ГУ МНС Расіі па Ліпецкай вобласці (тэл. +7919-255-87-59) і ў горадзе Ялец (тэл. +7950-807-75-61). Акрамя таго, арганізавана ўзаемадзеянне з ГУ МНС Віцебскай вобласці.-0-
БЕЛТА
Асобы ўсіх пацярпелых у ДТЗ у Ліпецкай вобласці беларусаў устаноўлены
16.4.20120 праглядаў