3 верасня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Лідарамі ў індывідуальных спаборніцтвах вальшчыкаў лесу сталі два беларускія ўдзельнікі XVI Адкрытага рэспубліканскага чэмпіянату "Лесаруб-2010", які 3-4 верасня праходзіць на базе Пінскага лясгаса. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў, галоўны спецыяліст Мінлясгаса Беларусі Мікалай Патоцкі. У спаборніцтвах прымаюць удзел 73 вальшчыкі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Эстоніі, у тым ліку 50 беларусаў. Пераможцам у індывідуальных спаборніцтвах стаў ляснік Бялыніцкага лясгаса Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага абласнога аб'яднання (ВЛГА) Сяргей Пляхоў, які набраў 652 ачкі з максімальна магчымых 660. Такі ж вынік у вальшчыка лесу Росанскага лясгаса Віцебскага ВЛГА Уладзіміра Гарэлава. Па дадатковых паказчыках гэты вальшчык лесу выйшаў на другое месца. Трэці вынік - 648 ачкоў у расійскага юніёра Уладзіміра Дашугіна і беларускага вальшчыка лесу Паўла Новікава са Скідзельскага лясгаса Гродзенскага ВЛГА. Па дадатковых паказчыках бронзавы медаль у індывідуальных спаборніцтвах па валцы лесу дастаўся Уладзіміру Дашугіну. Пасля першага практыкавання ў камандным заліку з аднолькавай колькасцю ачкоў (1928) лідзіруюць каманды Расіі і Гродзенскага ВЛГА. Мікалай Патоцкі адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх вальшчыкаў лесу, якія сёння складаюць годную канкурэнцыю лесарубам з Расіі і Эстоніі, якія з'яўляюцца чэмпіёнамі сусветных чэмпіянатаў вальшчыкаў лесу. Таксама арганізаваны ў гэтым годзе спаборніцтвы ў камандных эстафетах, якія ўжо пацвердзілі сваю папулярнасць падчас абласных этапаў чэмпіянату. Праходзяць спаборніцтвы і машыністаў-фарвардэраў. Упершыню дэманстравалі сваё майстэрства трактарысты пагрузачна-разгрузачных лясных машын. Стэндовыя спаборніцтвы пройдуць 4 верасня на стадыёне ДТСААФ горада Пінска. Як падкрэсліў Мікалай Патоцкі, на спаборніцтвах вальшчыкаў лесу не толькі адточваецца прафесійнае майстэрства, але і вывучаецца вопыт лепшых лесарубаў з іншых краін. Спаборніцтвы - своеасаблівая атэстацыя навыкаў валкі лесу па міжнародных правілах. Для ўдзельнікаў нацыянальнай зборнай Беларусі (яна ўжо сфарміравана) - гэта сур'ёзная трэніроўка, свайго роду генеральная рэпетыцыя перад сусветным чэмпіянатам вальшчыкаў лесу, які пройдзе 23 верасня гэтага года ў харвацкім горадзе Заграбе.-0-

БЕЛТА