21 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі заснавана ў Віцебскай вобласці ў Год кнігі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама. У мэтах прапаганды лепшых літаратурных твораў, павышэння прэстыжу творчай працы і стымулявання пісьменнікаў аблвыканкам прыняў рашэнне аб заснаванні штогадовай літаратурнай прэміі. Яе намінантамі могуць стаць як асобныя аўтары, так і аўтарскія калектывы. Яна будзе прысуджацца ў трох намінацыях: проза, уключаючы публіцыстыку і драматургію, паэзія і літаратура для дзяцей. Работы на конкурс могуць прадстаўляць як самі аўтары, так і грамадскія аб'яднанні, творчыя калектывы. Пераможца ў намінацыі акрамя дыплома лаўрэата атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 30 базавых велічынь (БВ з 1 красавіка складае Br100 тыс.). Першыя лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі за 2012 год стануць вядомыя ў пачатку 2013 года, бо па ўмовах конкурсу творчыя работы на разгляд камісіі прадстаўляюцца да 1 снежня. Літаратурная прэмія атрымала імя ўраджэнца Ушацкага раёна Пятра Усцінавіча Броўкі - вядомага беларускага пісьменніка і паэта. Варта адзначыць, што ў вобласці ўжо існуе прэмія, якая прысуджаецца ў тым ліку і літаратарам. Гэта прэмія імя Уладзіміра Караткевіча - яшчэ аднаго знакамітага пісьменніка, які нарадзіўся ў Віцебскай вобласці. Абласная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча была заснавана ў 1999 годзе. Яна ўручаецца ў намінацыях: проза, паэзія, а таксама за прапаганду творчасці Уладзіміра Караткевіча. Цяпер лаўрэатаў гэтай прэміі будуць называць раз на пяць гадоў - да юбілеяў знакамітага земляка.-0-

БЕЛТА