6 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Літаратурны конкурс у гонар Я.Купалы і Я.Коласа стартаваў сярод чытачоў гарадскіх бібліятэк Віцебска, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага Галіна Данілава. Конкурс "Купала і Колас, вы нас гадавалі" праводзіцца да 1 кастрычніка ў межах Года кнігі ў Беларусі і абласных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 130-годдзя Купалы і Коласа. Да ўдзелу ў ім запрашаецца моладзь ва ўзросце ад 10 да 19 гадоў. Маладыя людзі будуць выступаць у дзвюх узроставых катэгорыях: вучні 5-8 класаў (10-14 гадоў), вучні 9-11 класаў, студэнты і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў 15-19 гадоў. На конкурс яны могуць прапанаваць творы ў намінацыях "Лепшы верш" і "Лепшы празаічны твор" (аповесць, казка, навела, эсэ) на беларускай і рускай мовах. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў кастрычніку. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М.Горкага і Віцебскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Конкурс закліканы павысіць цікавасць моладзі да творчасці двух найбольш значных паэтаў Беларусі і падтрымаць іх імкненне да літаратурнай творчасці. Конкурс з'яўляецца адным з найважнейшых мерапрыемстваў, якія арганізаваны ў бібліятэчнай сістэме горада ў гонар Года кнігі, адзначыла Галіна Данілава, падкрэсліўшы, што ўсяго на працягу года ў бібліятэках Віцебска запланавана правядзенне каля 100 мерапрыемстваў з гэтай нагоды.-0-

БЕЛТА