Вынікі ліцэяў і гімназій Беларусі па ўсіх напрамках міжнароднага даследавання PISA, якое праводзілася ва ўстановах адукацыі рэспублікі ўпершыню, супастаўныя з паказчыкамі ўстаноў адукацыі краін, якія лідзіруюць у сусветным рэйтынгу. Пра гэта паведаміў сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

"Усе школы, усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічалі ў даследаваннях PISA, паказалі добрыя вынікі. Ёсць і ў нас лідары (ліцэі, гімназіі), якія паказалі вынік на ўзроўні агульнасусветных лідараў - удзельнікаў PISA - гэта Кітай, Сінгапур, Японія і Фінляндыя. Але пры гэтым трэба разумець, што ўмовы ў нашай краіне і, напрыклад, у Сінгапуры ці ва ўрбанізаваных тэрыторыях Кітая істотна адрозніваюцца", - сказаў Юрый Міксюк.

Усяго ў даследаванні PISA ўдзельнічалі 236 устаноў адукацыі Беларусі: сярод іх 27 гімназій і 6 ліцэяў. Іх выбарка ажыццяўлялася выпадковым чынам незалежнай арганізацыяй з ЗША Westat. Тэсціраванне 15-гадовых беларускіх школьнікаў па міжнароднай праграме ацэнкі якасці ведаў праводзілася ў красавіку-маі 2018 года. Матэрыялы тэсту былі падрыхтаваны на рускай і беларускай мовах. Сесія тэсціравання складалася з кагнітыўнага тэсту, на выкананне якога адводзілася дзве гадзіны, і анлайн-апытальніка (на яго запаўненне давалі 35 хвілін). Кантроль за правядзеннем тэсціравання ажыццяўляўся нацыянальнымі і міжнароднымі назіральнікамі.

Тэсціраванне ахоплівала тры асноўныя напрамкі: чытальную, матэматычную і прыродазнаўча-навуковую пісьменнасць, аднак прыярытэтным у даследаванні PISA 2018 стала праверка чытальнай пісьменнасці. Галоўная мэта даследавання - ацаніць практычныя ўменні школьнікаў, тое, як яны прымяняюць тэарэтычныя веды ў жыцці.

Кіраўнік РІКВ адзначыў, што вопыт удзелу беларускіх устаноў адукацыі ў даследаванні PISA будзе прымяняцца ў будучыні пры складанні заданняў, накіраваных на вызначэнне ўзроўню падрыхтоўкі беларускіх школьнікаў. "Такога роду заданні, якія мы называем зашумленымі, з залішняй інфармацыяй, павінны быць знаёмыя беларускім вучням, да іх яны павінны быць гатовыя. Даследаванне дапаможа нам вельмі дакладна знаходзіць балючыя моманты ў падрыхтоўцы і навучанні і іх вырашаць", - звярнуў увагу Юрый Міксюк.