Танцавальнае свята ліцэістаў "Вальса натхненне, вальса ўрачыстасць!" адбудзецца ў Наваполацку 28 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме.
Танцавальнае свята ліцэістаў "Вальса натхненне, вальса ўрачыстасць!" адбудзецца ў Наваполацку 28 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Наваполацкім гарвыканкаме.
Арганізатары і галоўныя героі свята - навучэнцы і педагогі гарадскога ліцэя. "Вечар вальса - не проста яркае дзеянне, якое ілюструе ўсеагульнае захапленне, але і візітная картка ліцэя. Гэта любімае наваполачанамі і чаканае гарадское свята", - адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя Аксана Арэшкава.
Ліцэісты ладзяць вечар вальса штогод. А паколькі ўстанове ўжо больш за 20 гадоў, то свята мае свае ўстойлівыя традыцыі. Так, адзін раз у пяць гадоў праходзіць тэматычны вечар, прысвечаны юбілейнай даце перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2014/2015 навучальным годзе, напярэдадні вялікай даты - 70-й гадавіны Вялікай Перамогі, прайшоў вечар вальса "У гонар палымянай славы герояў Перамогі!". Гатуючыся да яго, ліцэісты пераліствалі старонкі гісторыі, каб на мове мастацтва расказаць гледачам пра пакаленне пераможцаў, уваскрэсіць у памяці тое, што дорага і свята.
На гэты раз вечар называецца "Вальса натхненне, вальса ўрачыстасць!". Арганізатары абяцаюць мноства адкрыццяў і сюрпрызаў. У конкурснай праграме выступяць 11 танцавальных калектываў (што адпавядае агульнай колькасці 10-х, 11-х класаў ліцэя). "А вось ганаровае права адкрыць вечар вальса будзе прадастаўлена выпускнікам ліцэя розных гадоў, якія з вялікім задавальненнем і велізарным жаданнем адгукнуліся на творчы заклік арганізатараў мерапрыемства. Такім чынам, далікатны і кранальны вальс Яўгена Догі ў танцавальным выкананні групы выпускнікоў стане адпраўной кропкай конкурснай праграмы", - расказала Аксана Арэшкава.
Танцавальныя калектывы класаў добрасумленна і адказна рыхтуюцца да святочнага вечара - рэпетыцыі ідуць ужо паўгода. Кожная вальсавая кампазіцыя мае сваю назву. Ліцэісты маюць намер станцаваць "Таямніцу зімовай ночы", "Мелодыю кахання", "Лінію жыцця", "Імгненні вечнасці" і г.д. "Выконваючы танец, юнакі і дзяўчаты імкнуцца ярка і маляўніча рэалізаваць ідэю, перадаць сюжэт, данесці да гледачоў свае эмоцыі", - дадала Аксана Арэшкава.