7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літва і іншыя краіны Еўрапейскага саюза не маюць ніякіх прэтэнзій да беларускіх вадзіцельскіх пасведчанняў старога ўзору, паведамляе "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на кіраўніка дарожнай паліцыі Літвы Гінтараса Аляксандравічюса. "Мы прызнаем і будзем прызнаваць гэтыя вадзіцельскія пасведчанні - яны адпавядаюць усім канвенцыям аб дарожным руху. Няма і не было ніякіх новаўвядзенняў", - падкрэсліў ён. "Іншая справа, калі кіроўца прыедзе з вадзіцельскім пасведчаннем, выдадзеным у СССР. Гэтай дзяржавы ўжо не існуе, гэтыя пасведчанні ўжо не прызнаюцца", - дадаў ён. Гінтарас Аляксандравічюс заўважыў, што яму незразумелы ажыятаж з правамі ў Беларусі. Ён таксама абверг інфармацыю, што да старога вадзіцельскага пасведчання спатрэбіцца натарыяльна засведчаны пераклад на мове краіны знаходжання. "Калі вадзіцельскае пасведчанне мае лацінскае напісанне, мае тэрмін дзеяння - гэта значыць, яму не патрэбны пераклад, яно адпавядае патрабаванням Венскай канвенцыі аб дарожным руху", - падкрэсліў Гінтарас Аляксандравічюс. Новыя вадзіцельскія пасведчанні выдаюцца ў Беларусі з 1 лютага 2011 года. Пачатак выдачы быў адзначаны ажыятажам - шматгадзіннымі чэргамі кіроўцаў, якія жадаюць памяняць свае правы. Чэргі былі выкліканы заявамі прадстаўнікоў ДАІ, зробленымі незадоўга да пачатку выдачы новых правоў, аб нелегітымнасці старых вадзіцельскіх пасведчанняў у ЕС з 31 сакавіка 2011 года.-0-

БЕЛТА