4 верасня, Вільнюс /Алена Юркенавічене - БЕЛТА/. Літва прыняла рашэнне аб адмене консульскага збору за нацыянальныя візы для грамадзян Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Урад Літвы прыняў пастанову аб адмене консульскага збору за нацыянальную візу, які ў цяперашні час складае 60 еўра. Для таго каб адмяніць консульскі збор, літоўскі парламент прыняў папраўкі да закона аб консульскім зборы, у якіх прадугледжваецца магчымасць для ўрада знізіць памер консульскага збору за візы або наогул не спаганяць яго на парытэтнай аснове або ў выпадках, калі гэта патрабуецца ў мэтах знешняй палітыкі або нацыянальнай бяспекі. Консульскі збор не будзе спаганяцца ў выпадку афармлення доўгатэрміновых нацыянальных віз катэгорыі D, якія выдаюцца асобам, што маюць намер прабыць у краіне больш за тры месяцы за паўгода. З такой візай абмежаваны час можна наведваць і іншыя краіны Шэнгенскай прасторы. Бясплатныя візы будуць выдавацца студэнтам, спартсменам, журналістам, а таксама іншым легальна працуючым асобам, аднак не будуць выдавацца тым, каму віза неабходна ў турыстычных або іншых кароткатэрміновых мэтах. Для гэтых мэт патрабуецца Шэнгенская віза, кошт якой устаноўлены ЕС у памеры 60 еўра.-0-

БЕЛТА