Міжнародны фестываль "У госці да лепельскага Цмока" пройдзе 20 жніўня ва ўрочышчы гэтага міфічнага стварэння - лепельскім гарадскім парку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
"Фестываль набірае абароты, прыцягвае гасцей не толькі з Беларусі, але і з-за яе межаў. Каб ацаніць маштабы, мы сёлета ўпершыню прыцягваем валанцёраў, якія, пагутарыўшы з гасцямі, высветляць, адкуль пра фестываль даведваюцца людзі, што іх прыцягнула ў Лепель, з якіх яны краін. Вядома, аб'яднальнай фігурай праз музыку, тэксты, сімвалы і вобразы будзе Цмок - міфічнае стварэнне, адзін з варыянтаў дракона, які так ці інакш прысутнічае ў міфалогіі многіх народаў. Праз пазітыўную сімволіку міфалогіі, якая ў старажытнасці была сістэмай ведаў і дапамагала захаванню гармоніі з прыродай, мы хочам паказаць ідэнтычнасць нашага народа. І адначасова агульнасць і гармонію з іншымі народамі, дзе ёсць падобныя сімвалы і вобразы", - растлумачыла канцэпцыю фестывалю член ініцыятыўнай групы Вольга Маханенка.
Па традыцыі, усе актыўнасці на фэсце будуць размеркаваны па пляцоўках. Меламаноў запрашаюць на "Музычны алімп" - паслухаць беларускія калектывы, якія выступаюць у стылях фольк і этна, у тым ліку змешаных з рокам, панкам, папулярнай музыкай, еўрапейскім этна-джазам і нават лацінаамерыканскім танга. Адметнымі падарункамі стануць выступленні Дзмітрыя Вайтюшкевіча, які выканае аўтарскія песні на словы беларускіх паэтаў, "Спеўны сход" ад Сяргея Далгушава і міні-канцэрт гурта "Палац". Завершаць музычную праграму ўкраінскія госці, якія ўзарвалі інтэрнэт, - гурт TaRuta.
На "Танцавальнай лагчыне" будуць арганізаваны майстар-класы па музыцы, спевах, традыцыйных танцах, на "Дзіцячым пагорку" - забавы для маленькіх гасцей свята: гульні і забавы, аўтарскія казкі і лялечны спектакль. Народныя майстры прадставяць сваё рамяство ў "Даліне майстроў", дасведчаныя кулінары і гаспадары аграсядзіб будуць частаваць гасцей свайго "Кулінарнага вострава", а на "Турыстычным узбярэжжы" можна будзе знайсці ўсю інфармацыю пра варыянты адпачынку і аздараўлення ў Беларусі.
Абяцаюць арганізатары і шоу змей, праўда, не наземных, а паветраных. Прычым аўтары самых арыгінальных лятучых аб'ектаў будуць адзначаны падарункамі.
Фестываль праходзіць пад патранатам Міністэрства спорту і турызму Беларусі, яго галоўнымі арганізатарамі выступаюць Лепельскі райвыканкам і ініцыятыўная група раёна, партнёрам - грамадска-культурная кампанія "Будзьма беларусамі".