18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшую шматдзетную сям'ю выбралі сёння ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Фінал агляду-конкурсу завяршыўся ў Віцебскім раённым Доме культуры (аграгарадок Ноўка) пераканаўчай перамогай сем'і Кліменцьевых з Полацка, якія выхоўваюць шасцярых дзяцей ва ўзросце ад 11 месяцаў да 9 гадоў. Пры гэтым на конкурсе сямейная каманда ўдзельнічала ў поўным складзе. Другое месца журы прысудзіла сям'і Дземідчык з Сенненскага раёна, а дыплом трэцяй ступені ўвезлі з сабой прадстаўнікі Докшыцкага раёна - сямейная каманда Кішулька. Пераможцы былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі: за першае месца - 30 базавых велічынь, за другое - 20, за трэцяе - 10 (базавая велічыня з 1 красавіка складае Br100 тыс.). У спаборніцтве за ганаровае званне лепшай шматдзетнай сям'і вобласці змагаліся 9 каманд, якія прайшлі рэгіянальныя адборачныя туры. У фінале ім давялося прадставіць сваю сямейную візітную картку, прэзентаваць праект сацыяльнай рэкламы "Мы - шматдзетная сям'я!", падрыхтаваць хатняе заданне на конкурс "Пальчыкі абліжаш", прадэманстраваць творчыя дасягненні на конкурсе "Нашы ручкі залатыя". Годнасць сям'і ў інтэлектуальным конкурсе "Ваша слова, эрудыты" адстойвалі таксама малодшыя члены сем'яў. Мэта правядзення такога мерапрыемства - павышэнне прэстыжу і аўтарытэту шматдзетнай сям'і, умацаванне яе адзінства, духоўных і маральных асноў, адраджэнне і прапаганда сямейных каштоўнасцей і традыцый. Арганізатарамі агляду-конкурсу выступілі камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА