18 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшага дружынніка выберуць у Віцебскай вобласці 22 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Удзельнікамі абласной спартакіяды сярод маладых членаў добраахвотных дружын і моладзевых атрадаў аховы правапарадку стануць больш за 150 чалавек з усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Праграма спаборніцтваў уключае конкурсы па спартыўна-прыкладным мнагабор'і, праходжанне паласы перашкод, перацягванне каната, праверку прававой і медыка-санітарнай падрыхтоўкі. Па выніках спаборніцтваў будуць вызначаны пераможцы ў асабістым і камандным заліках. Узнагародай лепшым дружыннікам вобласці стануць кубкі, медалі і дыпломы. Мерапрыемства заклікана выхоўваць у моладзі пачуццё грамадзянскай адказнасці, патрыятызму, садзейнічаць папулярызацыі праваахоўнага руху. Акрамя таго, спартакіяда з'яўляецца адной са ступеняў па выяўленні здольных маладых людзей для далейшай працы ў праваахоўных органах. Арганізатары мерапрыемства - аддзел па справах моладзі і УУС Віцебскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА