Лепшага працадаўцу ўпершыню вызначаць у Віцебску
2.10.20120 праглядаў
2 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Найлепшага наймадаўцу ўпершыню вызначаць у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні эканомікі Віцебскага гарвыканкама.
Віцебскі гарвыканкам, грамадскае аб'яднанне "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" Віцебскай вобласці і адзін з гарадскіх інтэрнэт-рэсурсаў аб працы сталі заснавальнікамі гарадской прэміі "Найлепшы наймадаўца Віцебска 2012".
Па словах заснавальнікаў, галоўная мэта праекта - садзейнічаць развіццю цывілізаваных працоўных адносін, палепшыць імідж наймадаўцаў абласнога цэнтра, спрыяць павышэнню сацыяльнай адказнасці бізнесу.
Удзельнікамі конкурсу могуць стаць арганізацыі любой формы ўласнасці, якія працуюць у Віцебску не менш за тры гады. У залежнасці ад колькасці працоўнага калектыву вызначаны 4 намінацыі: ад мікраарганізацый, якія маюць у штаце не больш за 15 работнікаў, да буйных прадпрыемстваў з колькасцю працаўнікоў больш за 250 чалавек. Заяўкі на ўдзел будуць прымацца да канца лістапада бягучага года. Пры гэтым удзельнікамі конкурсу могуць быць толькі тыя арганізацыі, у якіх на працягу студзеня-верасня не было выпадкаў вытворчага траўматызму, а таксама адсутнічае запазычанасць па выплаце заработнай платы, плацяжах у бюджэт і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Крытэрыямі ацэнкі стануць узровень заработнай платы, паказчыкі плыннасці кадраў, затраты на прафесійную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, наяўнасць і разнастайнасць сацыяльнага пакета. Дадатковыя балы наймадаўца можа зарабіць за актыўную рэкламную кампанію і нават за арганізацыю вольнага часу сваіх работнікаў.
Ацэньваць дзейнасць наймадаўцаў будзе экспертнае журы, у якое ўвойдуць прадстаўнікі гарадскіх улад, прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў. Пераможцамі прызнаюцца ўдзельнікі, якія занялі 1-е месца ў кожнай намінацыі ў залежнасці ад атрыманых балаў. Лаўрэатамі стануць удзельнікі, якія занялі другое і трэцяе месцы ў сваіх намінацыях. Пераможцам і лаўрэатам будуць уручаны памятныя знакі і дыпломы. Яны таксама атрымаюць права размяшчаць знак адрознення "Найлепшы наймадаўца Віцебска 2012" на сваіх карпаратыўных сайтах, рэкламных і інфармацыйных матэрыялах.
Згодна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама, на 1 кастрычніка ў абласным цэнтры на 1059 беспрацоўных прыпадае 2314 вакансій, прыкладна 80% з якіх - рабочыя спецыяльнасці. Гарадскія прадпрыемствы адчуваюць востры дэфіцыт швачак, рабочых усіх будаўнічых спецыяльнасцей, кухараў, прадаўцоў.-0-
БЕЛТА