19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшыя гульцы папулярных тэлевізійных праектаў "Што? Дзе? Калі?" і "Свая гульня" прымуць удзел у турніры "Славянка-2012" - этапе Кубка свету па гульні "Што? Дзе? Калі?", які пройдзе 4-5 жніўня ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-сакратарыяце турніру.
Каб згуляць у "Што? Дзе? Калі?", у Віцебск прыедуць 33 каманды з шасці краін: 18 каманд прадставяць Расію, 6 каманд - Беларусь, па 3 каманды прыедуць з Латвіі і Украіны, 2 - з Эстоніі і адна з Азербайджана. Акрамя таго, у турніры прымуць удзел Макс Поташаў, Анатоль Васерман, Ілья Новікаў і Міхаіл Левандоўскі, а магістр гульні "Што? Дзе? Калі?" Аляксандр Друзь узначаліць на "Славянцы" апеляцыйнае журы - будзе разбірацца з прэтэнзіямі знаўцаў да пытанняў турніру. Дарэчы, знаўцам трэба будзе адказаць на 75 пытанняў, якія будуць падзелены на пяць роўных тураў.
Як паведамілі ў прэс-сакратарыяце турніру, сёлета ўдзельнікі турніру будуць мець шанец праявіць сябе не толькі за гульнявым сталом, але і падчас "Начнога шоў". У ноч з 4 на 5 жніўня гульцы будуць выконваць на вуліцах Віцебска розныя заданні, звязаныя з багатай гісторыяй горада. Таксама ўвечары першага гульнявога дня госці "Славянкі" наведаюць Віцебскі мастацкі музей, дзе для іх будуць арганізаваны экскурсіі па галерэях рускага мастацтва XVIII - першай паловы XX стагоддзяў і беларускага мастацтва XVIII - першай паловы XIX стагоддзяў.
Арганізатарамі турніру выступаюць інтэлектуальны клуб "Цэнтра культуры "Віцебск" і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Этапы Кубка свету па гульні "Што? Дзе? Калі?" праводзяцца ў Віцебску трэці раз. Сёлета "Славянка-2012" пройдзе ў Лядовым палацы спорту. Уваход для гледачоў на турнір вольны.-0-
БЕЛТА
Найлепшыя гульцы "Што? Дзе? Калі?" і "Свая гульня" прыедуць у Віцебск для ўдзелу ў "Славянцы-2012"
19.7.20120 праглядаў