17 лістапада, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Лепшыя ўчастковыя міліцыянеры Беларусі служаць у Віцебскай вобласці, а лепшыя інспектары ІСН - у Магілёўскай. Каманды міліцыянераў з гэтых абласцей сталі пераможцамі VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу на званне "Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі" і "Лепшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх", які праходзіў у Магілёве з 15 па 17 лістапада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ім прынялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў службаў участковых і ІСН з усіх рэгіёнаў краіны - пераможцы абласных і гарадскіх адборачных тураў. У аглядзе-конкурсе сярод участковых інспектараў у каманды УУС Магілёўскага аблвыканкама - другое месца, а ў віцебскіх калег "серабро" ў аглядзе-конкурсе лепшых інспектараў ІСН. Брэсцкія міліцыянеры сталі трэцімі ў спаборніцтвах сярод участковых інспектараў, каманда Гомельскай вобласці - на трэцім месцы па выніках спаборніцтваў інспектараў ІСН.
Былі названы і пераможцы ў асабістым заліку. Кіраўніцтва МУС заснавала спецыяльныя прызы - аўтамабілі для лепшага сельскага ўчастковага і для інспектара ІСН. Іх уладальнікамі сталі ўчастковы інспектар міліцыі Віцебскага РАУС Міхаіл Няўдах і інспектар па справах непаўналетніх Магілёўскага РАУС Вадзім Церахаў.
Як адзначыў, падводзячы сёння вынікі агляду-конкурсу намеснік міністра ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Яўген Палудзень, па ўчастковым інспектары, як правіла, судзяць аб усёй міліцыі. "Нам бы хацелася бачыць тут пісьменных, інтэлігентных людзей, здольных дапамагчы ў любую хвіліну", - адзначыў намеснік міністра. Правядзенне спаборніцтваў прафесійнага майстэрства сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў таксама павышае прэстыж службы і дае магчымасць ацаніць падрыхтоўку кадраў у рэгіёнах, дадаў ён.-0-
БЕЛТА
Найлепшыя ўчастковыя міліцыянеры Беларусі служаць у Віцебскай вобласці
17.11.20110 праглядаў