13 лістапада, Мінск /Вера Громчакава - БЕЛТА/. Вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы клубных устаноў аграгарадкоў "Клуб года" будуць падведзены ў канцы лістапада. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар дзяржаўнай установы "Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці" Раіса Вайтэхоўская.
Рэспубліканскі агляд-конкурс праводзіцца з 15 сакавіка згодна з Дзяржаўнай праграмай устойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады. Ва ўсіх раёнах краіны для прагляду абласнымі конкурснымі камісіямі былі вызначаны па дзве лепшыя ўстановы культуры, размешчаныя ў аграгарадках.
"Члены абласных камісій кіраваліся творчай ініцыятывай, арыгінальнасцю праектаў, праграм, задумак калектываў клубаў, ступенню актыўнасці іх канцэртнай дзейнасці, матэрыяльна-тэхнічнай базай гэтых устаноў, - адзначыла суразмоўніца. - Клубы ў аграгарадках павінны задавальняць духоўныя патрэбы людзей усіх узроставых катэгорый, уключаць асноўныя аб'екты культурна-дасугавай дзейнасці".
У цэнтральным рэгіёне краіны лепшымі ўстановамі культуры аграгарадкоў былі вызначаны Людвінаўскі сельскі Дом культуры Вілейскага раёна і Сноўскі Цэнтр культуры і адпачынку Нясвіжскага раёна, якія, на думку Раісы Вайтэхоўскай, з'яўляюцца прыкладамі для іншых падобных устаноў.
Сёння члены рэспубліканскай конкурснай камісіі наведаюць Цэнтр культуры і адпачынку ў аграгарадку Сноў. У складзе камісіі спецыялісты Міністэрства культуры, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Узначальвае конкурснае журы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі.
У сталічнай вобласці функцыянуе 649 клубных устаноў, з іх 583 размешчаны ў сельскай мясцовасці, у тым ліку 325 - у кожным з аграгарадкоў сталічнага рэгіёну. "Работа ў іх арганізавана на годным узроўні і адпавядае ўсім неабходным крытэрыям развіцця культуры на сяле", - падкрэсліла дырэктар абласнога цэнтра народнай творчасці.
Пасля падвядзення вынікаў агляду-конкурсу на базе ўстаноў культуры Мінскай вобласці будзе праведзены рэспубліканскі навукова-практычны семінар "Дзейнасць устаноў культуры па павышэнні якасці культурнага жыцця сельскага насельніцтва".
БЕЛТА
Лепшы ў аграгарадках Беларусі клуб вызначаць у канцы лістапада
13.11.20120 праглядаў