12 верасня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Найлепшым лесасекам Беларусі па выніках XVII адкрытага рэспубліканскага чэмпіянату "Лесасек-2011" стаў вальшчык лесу з Глыбоцкага лясгаса Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага вытворчага аб'яднання Аляксандр Смехоўскі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў, галоўны спецыяліст Мінлясгаса Мікалай Патоцкі. "Вынік быў прадказальны. Аляксандр Смехоўскі ўжо станавіўся чэмпіёнам рэспублікі, чатыры разы быў сярэбраным прызёрам. Але яго цяперашні вынік нават здзівіў: ён набраў 1659 ачкоў, што годна звання чэмпіёна свету. Такой колькасці ачкоў у нас яшчэ ніхто не набіраў", - падкрэсліў Мікалай Патоцкі. На другім месцы - прадстаўнік Фінляндыі Юка Перэмакі, які набраў 1643 ачкі, на трэцім - Таві Эхрпайс (Эстонія), у якога ў агульнай суме 1626 ачкоў. У спаборніцтвах прымалі ўдзел больш за 80 вальшчыкаў з 8 краін Еўропы: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Венгрыі і Фінляндыі. У моладзевым першынстве чэмпіёнам стаў юніёр Мікалай Ярошык з Вілейскага доследнага лясгаса Мінскага ДВАЛПА. На другім месцы - Гедзімінас Стасікунас, прадстаўнік Літвы, на трэцім - Сяргей Шкудроў (малодшы) з Клецкага лясгаса Мінскага ДВАЛПА. У агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда Эстоніі - ёй дастаўся пераходны кубак чэмпіянату, на другім месцы - каманда Віцебскага ДВАЛПА, на трэцім - Мінскага ДВАЛПА. "З самага пачатку эстонцы лідзіравалі па ачках. Гэтая каманда вельмі моцная, сабраная з досвечаных вальшчыкаў, даўніх лідараў на міжнародных спаборніцтвах. У 2006 годзе эстонцы сталі чэмпіёнамі свету, летась - бронзавымі прызёрамі. Віцебская каманда выйшла на другое месца дзякуючы таму, што ўсе яе ўдзельнікі выступілі роўна, без памылак і штрафных ачкоў. У эстафеце, дзе таксама ўдзельнічалі камандныя склады, на першае месца выйшла зборная Магілёўскага ДВАЛПА, на другое - Фінляндыі, на трэцяе - каманда Мінскага ДВАЛПА", - адзначыў Мікалай Патоцкі. Вызначаны таксама пераможцы ў індывідуальных практыкаваннях. У валцы дрэва не было роўных Аляксандру Смехоўскаму з Глыбоцкага лясгаса Віцебскага ДВАЛПА, які набраў 659 ачкоў з 660 магчымых. У практыкаванні па мантажы і зборцы бензапілы першае месца заняў Сяргей Шкудроў з Клецкага лясгаса Мінскага ДВАЛПА, які здолеў сабраць яе за максімальна кароткі час - 8,8 секунды.