22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Найлепшых дэкламатараў вершаў Янкі Купалы вызначаць сёння на абласным свяце паэзіі "Звіні, спявай, Купалаўская ліра!" у вёсцы Ляўкі Аршанскага раёна, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім райвыканкаме.
Традыцыйным месцам правядзення абласнога паэтычнага свята з'яўляецца любімая дача класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы ў вёсцы Ляўкі. Цяпер тут знаходзіцца філіял музея Янкі Купалы. Вось і ў год 130-годдзя з дня нараджэння паэта аматараў і знаўцаў яго творчасці, паэты збяруцца на беразе Дняпра. Перад гасцямі свята выступяць творчыя калектывы Аршанскага, Браслаўскага і Докшыцкага раёнаў. У свяце прымуць удзел майстры дамоў рамёстваў Аршанскага раёна, Оршы, Талачынскага, Гарадоцкага, Лепельскага раёнаў, цэнтра народнай творчасці і рамёстваў пасёлка Копысь Віцебскай вобласці і Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Свята паэзіі немагчыма без кнігі, таму тут будзе працаваць бібліятэчны гарадок з кніжнымі і творчымі выставамі. Цэнтральнай падзеяй свята стане выступленне паэтаў і пісьменнікаў вобласці. Госці наведаюць філіял дом-музей, а таксама ўскладуць кветкі да помніка Янкі Купалы.
Дача ў Ляўках была любімым месцам Янкі Купалы. Сюды ён прыязджаў кожны год ранняй вясной і да позняй восені жыў у гэтым утульным доме на беразе Дняпра і шмат пісаў. У гады вайны дача пісьменніка была знішчана. Аднак ужо ў 1945 годзе ўрадам краіны было прынята рашэнне аб яе аднаўленні і стварэнні філіяла літаратурнага музея.
У адноўленым доме працуе мемарыяльная экспазіцыя, а ў будынку канторы былога Копыскага лясніцтва, які захаваўся да нашых дзён, дзе ў 30-я гады спыняўся Янка Купала, размешчана літаратурная экспазіцыя, якая асвятляе жыццё і дзейнасць паэта 30-х гадоў. У склад мемарыяльнага комплексу ўваходзяць гаспадарчыя пабудовы, дом шафёра, гараж, у якім экспануецца купалаўская машына "Шэўрале". Скульптурная кампазіцыя А.Анікейчыка "Восень паэта" з'яўляецца адным з найлепшых помнікаў народнаму паэту і займае цэнтральнае месца ў мемарыяльным комплексе "Ляўкі". У 1978 годзе ўрадам Беларусі было прынята рашэнне аб стварэнні Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка "Ляўкі" плошчай у 19 гектараў. -0-
БЕЛТА
Найлепшых чытальнікаў вершаў Янкі Купалы вызначаць на свяце паэзіі ў Віцебскай вобласці
22.6.20120 праглядаў