4 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшых дружыннікаў горада выберуць у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама. Гарадскі агляд-конкурс сярод добраахвотных дружын устаноў адукацыі Віцебска адбудзецца 5 кастрычніка ў парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. Удзельнікамі спаборніцтва стануць дзесяць каманд агульнай колькасцю каля 60 чалавек. У праграме спаборніцтваў конкурсы па спартыўна-прыкладным мнагабор'і, якія ўключаюць комплекс сілавых практыкаванняў, бег і кіданне гранаты, заданні па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, праверку ведаў па прававой і медыка-санітарнай падрыхтоўцы. Па выніках спаборніцтваў будуць вызначаны пераможцы ў асабістым і камандным заліках. Лепшых дружыннікаў узнагародзяць кубкамі, ганаровымі дыпломамі і прызамі. Мерапрыемства заклікана спрыяць павышэнню прэстыжу і папулярызацыі праваахоўнага руху, развіццю цікавасці да службы ў органах унутраных спраў, прапагандаваць здаровы лад жыцця. Арганізатары мерапрыемства - аддзел па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама і УУС аблвыканкама сумесна з Віцебскай абласной аб'яднанай арганізацыйнай структурай ДТСААФ і Віцебскім гарадскім камітэтам БРСМ.-0-

БЕЛТА