9 верасня ў Віцебску пройдзе традыцыйная рэспубліканская акцыя "Спартсмены - за бяспеку дарожнага руху", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Мерапрыемства, якое адзначае сёлета свой 10-гадовы юбілей, адбудзецца на праспекце Перамогі ад праспектаў Маскоўскага да Будаўнікоў, пачатак у 12.00. Галоўныя ўзнагароды спаборніцтва будуць аспрэчваць лепшыя гоншчыкі Беларусі, а таксама спартсмен з Варонежа (Расія), які падаў заяўку. Усяго чакаецца каля 30 віртуозаў стырна. Значная колькасць удзельнікаў абумоўлена прывабнасцю для іх віцебскай трасы, якая з'яўляецца найбольш хуткаснай у параўнанні з іншымі, выбранымі для правядзення акцыі, а таму дазваляе кіроўцам максімальна поўна прадэманстраваць магчымасці сваіх аўтамабіляў і ўласны прафесіяналізм пілатавання, адзначылі ў гарвыканкаме. Удзельнікам, якія выступаюць на асабістых аўтамабілях, трэба будзе выканаць тры практыкаванні рознай канфігурацыі па хуткасным манеўраванні. Два з іх прадугледжваюць асобны старт, а трэцяе - гонку пераследу: спартсмены будуць стартоўваць па двое. Акцыя праводзіцца грамадскай арганізацыяй "Беларуская аўтамабільная федэрацыя" пры падтрымцы УДАІ МУС Беларусі, Віцебскага гарвыканкама. У гарвыканкаме звярнулі ўвагу гасцей і жыхароў Віцебска, што на час правядзення мерапрыемства будзе абмежаваны рух асабістага і грамадскага транспарту па праспекце Перамогі. У мэтах бяспекі асабістыя аўтамабілі будуць эвакуіравацца.-0-

БЕЛТА