24 мая, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Лепшую шматдзетную сям'ю вобласці выберуць сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкама.
У фінале абласнога агляду-конкурсу "Лепшая шматдзетная сям'я Віцебшчыны-2013" возьмуць удзел 9 каманд. Гэта пераможцы рэгіянальных паўфіналаў: з Браслаўскага раёна, Глыбоцкага, Аршанскага, Пастаўскага, Расонскага, Сенненскага, а таксама тры каманды з гарадоў - Наваполацка, Полацка, Віцебска.
Першы рэгіянальны паўфінал агляду-конкурсу прайшоў у Дубровенскім раёне 23 красавіка 2013 года, удзел прыняло 8 шматдзетных сем'яў. Другі рэгіянальны паўфінал сярод 7 шматдзетных сем'яў быў арганізаваны ў Глыбокім 25 красавіка. Трэці паўфінал агляду-конкурсу "Лепшая шматдзетная сям'я Віцебшчыны-2013" адбыўся ў гарадскім пасёлку Расоны 30 красавіка. У ім удзельнічалі 8 сямейных каманд.
Фінал абласнога агляду-конкурсу "Лепшая шматдзетная сям'я Віцебшчыны-2013" прыме культурна-спартыўны цэнтр Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Пачатак мерапрыемства ў 10.30.-0-