14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшую шматдзетную сям'ю выбіраюць у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Першы рэгіянальны адборачны тур абласнога конкурсу стартаваў сёння ў Наваполацку. Аналагічныя этапы пройдуць у бліжэйшыя дні ў Доме культуры чыгуначнікаў Оршы і Віцебскім раённым Доме культуры (аграгарадок Ноўка). Усяго ў іх возьме ўдзел больш за 20 сямейных каманд. У фінал конкурсу, які адбудзецца 18 мая ў культурна-спартыўным цэнтры Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, увойдуць толькі дзевяць удзельнікаў – тройкі лідараў кожнага адборачнага тура. За права атрымаць званне лепшай шматдзетнай сям'і ім трэба будзе спаборнічаць у мастацкіх і самадзейных конкурсах, дэманстраваць згуртаванасць сваіх сем'яў пры выкананні разнастайных заданняў. Агляд-конкурс праводзіцца з мэтай павышэння прэстыжу і аўтарытэту шматдзетнай сям'і, умацавання яе адзінства, духоўных і маральных асноў, адраджэння і прапаганды сямейных каштоўнасцей і традыцый. Яго арганізатарамі выступаюць камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА