12 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшую маладую сям'ю выберуць сёння ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Людміла Кліменчанка.
У творчым спаборніцтве "Тата, мама, я - дружная сям'я!" возьмуць удзел па дзве сям'і ад кожнага раёна абласнога цэнтра (Кастрычніцкага, Першамайскага і Чыгуначнага), якія прайшлі папярэднія адборачныя туры. У ходзе выканання конкурсных заданняў бацькам і дзецям трэба будзе творча прадставіць сваю сям'ю, разам намаляваць і абараніць сямейнае фота. Інтэлектуальны і музычны конкурсы ўключаюць пытанні на веданне дзіцячых песень і казак. Цікавымі абяцаюць таксама стаць заданні для бацькоў "Танцы на паркеце" і "Радзільны дом". Першае з іх прадэманструе харэаграфічныя здольнасці дарослых членаў сем'яў, а другое пакажа, наколькі добра і без слоў яны разумеюць адзін аднаго. У адпаведнасці з задумкай конкурсу, кожная з мам зноў апынулася ў радзільным доме і вымушана жэстамі растлумачыць новаспечанаму бацьку, хто нарадзіўся і на каго падобны. Зыход гэтага конкурсу залежыць шмат у чым ад кемлівасці татаў.
Конкурс на лепшую сям'ю праводзіцца з мэтай прапаганды гарманічных, стваральных і паспяховых сямейных адносін, арыентавання шырокага кола сем'яў на выбар пазітыўнага сумеснaга адпачынку, дэманстрацыі вопыту лепшых маладых сем'яў у справе выхавання дзяцей. Шмат у чым з улікам гэтых задач месцам правядзення была выбрана сярэдняя школа №12, а ў якасці гледачоў і балельшчыкаў запрошаны вучні і іх бацькі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзел па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама і Віцебскі гарадскі камітэт БРСМ.-0-
БЕЛТА
Лепшую маладую сям'ю выберуць у Віцебску
12.12.20120 праглядаў