Беларускія спецыялісты могуць самі на 85-90% пабудаваць трэці энергаблок Беларускай атамнай станцыі, а асноўныя элементы ўзяць у Расіі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з расійскім партнёрам "Расатам" абмяркоўвалася будаўніцтва новай атамнай станцыі. "Вырашылі, што трэці блок пабудуем і будзем весці дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі - зноў жа, на ўсходзе (Беларусі. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі мы пабудуем на паўднёвым усходзе Беларусі другую атамную станцыю... Можа, гэта трэба будзе і паўднёвым захадзе Расіі. Усякае можа быць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар заявіў, што таксама абмяркоўваў гэтае пытанне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падчас тэлефоннай размовы 15 лістапада: "Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам абмяркоўвалі пазаўчора гэтае пытанне, дамовіліся, што працягнем абмеркаванне".
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Пуцін падтрымаў ідэю будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС. "Мы гатовыя пабудаваць трэці блок. Адторгнення ў Прэзідэнта няма абсалютна - адчуваю, ведаю яго падтрымку. У кіраўніка "Расатама" абсалютная падтрымка. Вядома, яны ў гэтым зацікаўлены, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Тым больш што мы гатовыя самі адсоткаў на 85-90 пабудаваць гэтую станцыю. Ну а інжынірынг, рэактар - гэта расіяне. Асноўныя гэтыя элементы мы возьмем у Расіі, усё астатняе мы ўмеем рабіць. Нас расіяне навучылі пры будаўніцтве гэтай першай станцыі".
Гаворачы аб кампетэнцыях беларускіх спецыялістаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яны дапамагаюць расіянам у будаўніцтве станцый за мяжой. У прыватнасці, айчынныя спецыялісты працуюць на будаўніцтве АЭС у Венгрыі і Егіпце. "У Расіі сёння дэфіцыт кадраў, як і ў нас. Але ў нас ёсць гэтыя спецыялісты, і вось 3 тыс. працуюць з вашымі хлопцамі на аб'ектах. Гэта вы нам тэхналогіі перадалі і навучылі нас гэтаму", - падкрэсліў ён.
Як паведамляла БЕЛТА, 14 лістапада на нарадзе аб выніках працы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцей было прынята рашэнне будаваць трэці энергаблок Беларускай АЭС у Астраўцы. Паралельна з будаўніцтвам трэцяга энергаблока на БелАЭС будзе арганізавана праца па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, дзе ў далейшым ва ўмовах росту электраспажывання можа быць прынята рашэнне аб стварэнні дадатковых атамных магутнасцей.