Каб больш грунтоўна замацавацца на поўдні Расіі, Беларусь створыць у Стаўрапалі мультыбрэндавы гандлёва-сэрвісны цэнтр. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Стаўрапольскага краю Расіі Уладзімірам Уладзіміравым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы аб супрацоўніцтве ў сферы прамысловасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікі аб'ём беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца на Стаўраполлі. "Як вы адзначылі, прымаючы ў сябе два тыдні таму нашага пасла ў Расіі (пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога. - Заўвага БЕЛТА), па трактарах гэта 56%, па камбайнах - амаль 10%. Але ў нас з вамі вялікія планы. Мы вырашылі больш грунтоўна замацавацца на поўдні Расіі, якая мае пераважна сельскагаспадарчую спецыялізацыю эканомікі, і стварыць на Стаўраполлі мультыбрэндавы гандлёва-сэрвісны цэнтр", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Такі цэнтр, па яго словах, дазволіць аграрыям і камунальнікам рэгіёну лепш пазнаёміцца з асартыментам прадукцыі беларускіх вытворцаў, набыць без лішніх пасрэднікаў машыны, якія цікавяць, і своечасова атрымаць прафесійныя сэрвісныя паслугі.
"Ведаю, што сёння вы пабываеце на Мінскім трактарным заводзе. На прадпрыемстве распрацавалі новую мадэль трактара для садоў і вінаграднікаў. Думаю, для вас гэта таксама будзе цікава", - працягнуў Прэзідэнт.
Акрамя паставак сельскагаспадарчай тэхнікі, Беларусь зацікаўлена і гатова ўдзельнічаць у мадэрнізацыі паркаў пасажырскай, спецыяльнай і камунальнай тэхнікі, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб стварэнні на Стаўраполлі супольных зборачных вытворчасцей (гэтая магчымасць абмяркоўвалася падчас папярэдняй сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравым), Прэзідэнт канстатаваў, што, шчыра кажучы, у гэтым напрамку бакі не вельмі прасунуліся. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў даручыць урадам да канца года ўнесці канкрэтныя прапановы па арганізацыі ў рэгіёне вытворчасцей асобных відаў машынабудаўнічай прадукцыі.
Крыніца: belta.by