Беларусь лёгка можа дадаць на кітайскім напрамку. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 жніўня падчас рабочай сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кітаі Юрыем Сенько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Яны малайцы, добра нам дапамагалі, ды і цяпер у нас прырост таваразвароту прыстойны, новыя магчымасці. А мы лёгка можам дадаць на кітайскім напрамку. Я часта Сі Цзіньпіну казаў: калі гэты велізарны кітайскі лакаматыў зачапіць дадатковы вагон у аб'ёме Беларусі, дык нават не заўважыць, што там нешта прычапілася. Такі гіганцкая эканоміка, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Добра, што ў нас склаліся такія ў галіне дыпламатыі, палітыкі адносіны. Ды і асабістыя адносіны ў мяне і з сям'ёй Сі Цзіньпіна, і з ім вельмі добрыя".

Як падкрэсліў Юрый Сенько, Беларусь і Кітай дэманструюць поўнае разуменне, супрацоўнічаючы на ўсіх міжнародных пляцоўках. "У галіне эканамічных адносін (я прыходжу да высновы, і бачна па настроях нашых беларускіх прадпрыемстваў) у нас проста ўнікальныя магчымасці для таго, каб нарасціць тэмп працы з Кітаем, што, уласна, і робіцца апошнія (не пабаюся гэтай лічбы), апошнія сем гадоў з моманту аб'яўлення Кітаем ініцыятывы "Пояс і шлях". Гэта быў сур'ёзны штуршок, калі Беларусь далучылася да гэтай ініцыятывы і актыўна пачала з узрастаючымі тэмпамі працаваць з Кітаем", - заявіў пасол.

Яшчэ адным праектам, які даў імпульс для развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі, стаў індустрыяльны парк "Вялікі камень". Істотны ўплыў аказалі і дамоўленасці лідараў Беларусі і Кітая аб правядзенні Года рэгіёнаў, а таксама дырэктыва Прэзідэнта аб развіцці двухбаковых адносін з КНР, адзначыў дыпламат. "Для Кітая гэта вельмі важны сігнал па тым пытанні, як Беларусь ставіцца да Кітая і якія нашы стратэгічныя намеры", - звярнуў увагу Юрый Сенько.

Кітай традыцыйна ўваходзіць у тройку гандлёвых партнёраў Беларусі. Па выніках 2021 года знешнегандлёвы абарот дасягнуў рэкордных $5,9 млрд. За студзень - май таваразварот Беларусі і Кітая склаў практычна $2 млрд. Беларусь пастаўляе ў КНР калійныя ўгнаенні, харчовую і сельскагаспадарчую прадукцыю, лесаматэрыялы.