Дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі павінна мець гучны і адкрыты характар. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членамі гэтай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі павінна мець гучны і адкрыты характар. Даступнасць вашай работы для ініцыятыў людзей - гэта пытанне даверу грамадства да яе выніку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што многія прапановы па змяненні Канстытуцыі ўжо паступілі падчас грамадскага абмеркавання на дыялогавых пляцоўках, а таксама па парламенцкай лініі і пры падрыхтоўцы VI Усебеларускага народнага сходу. "Таму галоўная задача Канстытуцыйнай камісіі - арганізаваць шырокае абмеркаванне прапанаваных карэкціровак Асноўнага закона, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Публічнасць і празрыстасць працэсу забяспечаць сродкі масавай інфармацыі, а таксама электронныя камунікацыі. Актыўна выкарыстоўвайце дадзеныя рэсурсы".

У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і дзеючая Канстытуцыя сябе не вычарпала. "З ёй мы сфарміраваліся як суверэнная, прававая, незалежная, сацыяльная дзяржава, і праз больш чым 25 гадоў гэты дакумент абсалютна актуальны, - выказаў упэўненасць Прэзідэнт. - Дарэчы, нядаўняе сацыялагічнае даследаванне нашага грамадства якраз гэта і паказала". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, паводле дадзеных маштабнага сацапытання, больш за 65% яго ўдзельнікаў не лічаць патрэбным змяняць Канстытуцыю.

"Кожная норма Асноўнага закона павінна служыць галоўнай мэце - захаваць краіну, каб было што перадаць нашым дзецям і ўнукам", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, пры карэкціроўцы Асноўнага закона, вядома, варта ўлічваць перадавы міжнародны вопыт. "Але на першым месцы - нашы нацыянальныя інтарэсы, палітычныя і прававыя традыцыі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы не ў першы раз займаемся гэтай працай. У нас ёсць не толькі міжнародны, але і свой багаты вопыт работы над Асноўным законам".

БЕЛТА