Галоўны крытэр у ацэнцы кадраў – вынік. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па ўдасканаленні работы з кадрамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для таго, каб ацаніць кадры (гэта наш, дарэчы, вялікі недахоп, і мой таксама), мы ўсякую размазню пачынаем слухаць. Калі Адміністрацыя дзесьці недапрацоўвае ці не працуе, то ва ўрада з'явіўся, з майго пункту гледжання, крэн – прыгожа расказаць, растлумачыць, упакаваць вітые і паспрабаваць мне даказаць, што гэта немагчыма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў у прыклад працу па стварэнні вытворчасці новых боепрыпасаў. Першапачаткова Прэзідэнту дакладвалі, што арганізаваць гэта будзе вельмі складана. Але кіраўнік дзяржавы даручыў ушчыльную заняцца гэтым пытаннем, і ў выніку пастаўленыя ім задачы былі выкананы.
"Вы проста не разумееце, з кім маеце справу. Вопыт у мяне ёсць. І крытэрыі мной вызначаны асабіста. Таму не спрабуйце мне тут нешта даказаць. Галоўнае ў ацэнцы кадраў – вынік. Даручана ў кожным раёне рэалізаваць адзін інвестыцыйны праект – рэалізоўвайце. Не рэалізавалі – значыць, вам там рабіць няма чаго, - падкрэсліў Прэзідэнт. - А так мне расказваюць: старшыня райвыканкама не цягне, недацягвае, вось ледзь-ледзь, вымову аб'явім, перавыхаваем. Слухайце, вы што? Каго вы перавыхаваеце? Яму ўжо за сарок, пад пяцьдзесят, а вы яго хочаце перавыхаваць. Калі ён на такой пасадзе, якая навідавоку ўсіх (гэта і губернатараў тычыцца, і членаў урада - усіх службовых асоб), і калі ён не выдаў вынік, што вы ад яго чакаеце? Чым далей будзе, тым горш".
У якасці яшчэ аднаго прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў стан спраў у сельскай гаспадарцы. Кожную раніцу кіраўнік дзяржавы атрымлівае зводкі з палёў. Прэзідэнт параўнаў: Брэсцкая і Гродзенская вобласці знаходзяцца прыкладна ў аднолькавых умовах, але ў першай тэмпы работ па нарыхтоўцы кармоў у два разы вышэйшыя.