Грамадскі мір і згода, непрыняцце любых форм варожасці на рэлігійнай і этнічнай глебе сталі галоўнымі складнікамі дзяржаўнай палітыкі Беларусі. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве "Малітва за Беларусь", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Грамадскі мір і згода, непрыняцце любых форм варожасці на рэлігійнай і этнічнай глебе сталі галоўнымі складнікамі дзяржаўнай палітыкі Беларусі. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве "Малітва за Беларусь", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Жыхары Беларусі ацэньваюць міжнацыянальныя адносіны ў краіне як спакойныя. У нас няма дыскрымінацыі па канфесійнай і нацыянальнай прыкмеце. Не ведаю, ці ёсць яшчэ такая краіна на планеце, дзе кіраўнікі розных рэлігійных і грамадскіх аб'яднанняў не толькі сябруюць паміж сабой, але і актыўна дапамагаюць адзін аднаму", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пад небам Беларусі сёння жывуць у згодзе, бяруць шлюб, выхоўваюць супольных дзяцей прадстаўнікі больш чым 140 нацый і народнасцей. "У нашым краі стагоддзямі перасякаліся дарогі розных этнасаў і культур. Мы не толькі стваралі ўласныя духоўныя каштоўнасці, але і ўзбагачаліся творчай спадчынай людзей, якія па тых ці іншых прычынах пакінулі сваю гістарычную радзіму", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічнай урачыстую цырымонію "Малітва за Беларусь". "Малітва - гэта не толькі зварот вернікаў да Бога, але і выраз шчырых і глыбокіх пачуццяў кожнага з нас і ўсяго беларускага народа да сваёй Радзімы - нашага агульнага дома, пра дабрабыт якога мы штодзённа клапоцімся", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі людзі паважаюць адзін аднаго, "праваслаўны ўспрымае мусульманіна, а мусульманін праваслаўнага не толькі як свайго, а як ён сам". "Гэта залог таго, што мы заўсёды будзем жыць у міры", - лічыць Прэзідэнт.

"Спокон веку найвышэйшым праяўленнем чалавечага духу было пакланенне сваім святыням. Для нас, беларусаў, няма большай святыні, чым самаадданы подзвіг людзей, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі родную зямлю ад захопнікаў і парабоўшчыкаў. Узносячы малітву за Беларусь, мы перш за ўсё схіляем галовы перад загінуўшымі героямі, якія ўпісалі залатыя старонкі ў слаўны летапіс Айчыны, - сказаў Прэзідэнт. - Сёння мы з'яўляемся ўдзельнікамі унікальнага праекта па ўвекавечанню памяці землякоў, якія загінулі за межамі Радзімы". Паводле яго слоў, закладка ў крыпту храма капсул з зямлёй, прывезенай з пахаванняў Другой сусветнай вайны з сямі еўрапейскіх краін, - даніна павагі слаўным сынам і дочкам Айчыны, якія аддалі жыццё за мір і спакой на планеце.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі памірае чалавек, яго смерць асабліва цяжка перажываецца людзьмі, якія любяць і працягваюць жыць. "Паміраць на чужыне, на чужой зямлі, напэўна, на парадак цяжэй. Нашы суайчыннікі памерлі на той зямлі і апынуліся ў той зямлі не па сваёй волі, яны выконвалі святую місію - вызвалялі чалавецтва ад карычневай чумы. І слава Богу, што ў нашай краіне ёсць людзі, якія памятаюць, разумеюць і ведаюць цану духоўнасці, якія разумеюць, што кожны чалавек свой спакой павінен знайсці на сваёй зямлі. І хай праз дзесяцігоддзі, хай праз шмат гадоў мы прывезлі гэту зямлю, у якой пахаваныя нашы людзі, тысячы і тысячы савецкіх людзей, і размясцілі яе тут, у гэтым святым месцы, у гэтым храме. Гэта даніна павагі, гэта наша памяць нашым людзям, якія загінулі, выконваючы свяшчэнную місію па вызваленні чалавецтва", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)