Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста праверыў баявую гатоўнасць Узброеных Сіл. Кіраўнік дзяржавы ў рамках раптоўнай праверкі наведаў 227-ы агульнавайсковы палігон у Барысаўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы па прыбыцці заслухаў даклад аб ходзе праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей, якая праводзіцца па плане Мінабароны і Генштаба. Падрабязнасці расказаў міністр абароны Віктар Хрэнін, якога толькі а 7 раніцы папярэдзілі аб нечаканым прыездзе Прэзідэнта. Цяпер гэтая праверка праводзіцца паралельна, не дублюючы задачы, якія ставяцца ў рамках раптоўнай праверкі па лініі Прэзідэнта і Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.

Міністр, у прыватнасці, далажыў, што дыслакаваная ў Гродне 6-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада прыведзена ў павышаную баявую гатоўнасць. У такім аб'ёме брыгада яшчэ ні разу не правяралася. "Брыгада будзе цалкам адмабілізавана да штатаў ваеннага часу. На сённяшні момант прызваны ваеннаабавязаныя запасу ў полк рэзерву Заходняга аператыўнага камандавання, - сказаў кіраўнік ваеннага ведамства. - У адпаведнасці з новай методыкай, зыходзячы з досведу і праблемных пытанняў, якія мы выявілі падчас праверак 19-й і 11-й брыгад, мы ўбачылі, што неабходны папераджальны прызыў афіцэраў запасу і правядзенне заняткаў з імі".
На мінулым тыдні быў ажыццёўлены такі папераджальны прызыў афіцэраў запасу ў колькасці 400 чалавек.

"Усіх прызвалі ці кагосьці не знайшлі?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Усіх - 100%. Дарэчы, адзначаюць, што людзі цяпер з вялікім жаданнем. Менш было жадаючых дзесьці ўцячы, знайсці нейкую прычыну. Нават зваротаў не было", - заўважыў Віктар Хрэнін.

З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову: "Значыць, людзі сур'ёзна ставяцца да прызыву. Ну нарэшце зразумелі, што гэта вучоба: а калі вайна - а мы нічога не ўмеем рабіць".

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся папярэднімі вынікамі і ўражаннямі ад першага этапу раптоўнай праверкі баявой гатоўнасці, якая праводзіцца па яго даручэнні. "Армія здольная ваяваць. У цэлым усе камандзіры брыгад, якія атрымалі вашае распараджэнне, задачу дакладна ўсвядомілі, прынялі рашэнні аб здзяйсненні маршаў ва ўказаныя раёны. Маршы ўсе здзейснілі, на маршы нікога не страцілі", - далажыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.