У Беларусі трэба вельмі актыўна пачынаць новы навучальны год.
У Беларусі трэба вельмі актыўна пачынаць новы навучальны год. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У любы час трэба вучыцца. Калі ў нас атрымаецца сапсаваным і пачатак навучальнага года, гэта зусім дрэнна. Вы памятаеце, як мы заканчвалі навучальны год у сувязі з каранавірусам і тымі асцярогамі, якія былі ў грамадстве, асабліва ў бацькоў. Надмернымі асцярогамі, як мы цяпер разумеем", - сказаў Прэзідэнт.
"Нам трэба вельмі актыўна пачынаць навучальны год, чаго б гэта ні каштавала", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў чыноўнікаў на даклад (на мерапрыемстве прысутнічаў і віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка), каб у першую чаргу пачуць не пра тое, што добра зроблена, а даведацца пра тыя ці іншыя праблемы, якія неабходна яшчэ вырашыць напярэдадні навучальнага года.
"Вельмі вас прашу, паглядзіце, каб дзеці ў школу пайшлі ў нейкім знешне роўным статусе. Не павінны адрознівацца дзеці з сем'яў багатых ад дзяцей з сем'яў бяднейшых. Трэба дапамагчы там, дзе трэба дапамагчы. Асабліва бедным сем'ям, шматдзетным. Хоць ужо не ведаю, як шматдзетным дапамагаць - такі пакет у нас з боку дзяржавы сацыяльны, якога не мае ніводная дзяржава", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што і прадпрыемствы падключыліся да аказання дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. "Ад сельгаспрадпрыемстваў да буйных прамысловых - усе дапамагаюць. Хто заплечнік сабярэ, хтосьці дзецям форму купіць школьную, хтосьці грошай падкіне. Па-рознаму бывае, але ўсе далучыліся да гэтага, нягледзячы на тое, што некалькі тысяч у нас бродзяць па вуліцах і спрабуюць павярнуць сітуацыю ў свой бок", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Ігар Карпенка, па стане на пятніцу мінулага тыдня 96% школ у краіне атрымалі сертыфікаты гатоўнасці. "Працэс гэты завяршаецца. Якіх-небудзь сур'ёзных праблем з падрыхтоўкай школ няма. На гэта дзяржава вылучыла адпаведныя сродкі, мясцовыя органы ўлады актыўна працавалі. Мы адкрываем тры школы-новабудоўлі ў гэтым годзе", - адзначыў міністр.