Работу Акадэміі навук трэба падвергнуць сур'ёзнай рэвізіі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння падчас азнаямлення з распрацоўкамі беларускіх вучоных па развіцці электратранспарту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Работу Акадэміі навук трэба падвергнуць сур'ёзнай рэвізіі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння падчас азнаямлення з распрацоўкамі беларускіх вучоных па развіцці электратранспарту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«У цэлым нам трэба падвергнуць сур'ёзнай рэвізіі працу Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі сабраны. І паглядзець па асноўных напрамках, як працуе Акадэмія навук, як выкананы прынятыя намі рашэнні», - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што вырашыў асабіста азнаёміцца з развіццём электратранспарту. «Хацелася б убачыць, наколькі вы прасунуліся і наколькі словы адпавядаюць справам», - заявіў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што сярод пераваг гэтага напрамку - чаканы прафіцыт электраэнергіі ў краіне і экалагічнасць.
У цэлым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў наступнай пяцігодцы асабліва актыўна трэба падключаць навуку да развіцця краіны, улічваючы ўзрастаючы ўзровень тэхналагічнай канкурэнцыі ў свеце. "Нам у гэтай жорсткай барацьбе давядзецца выстаяць, каб людзьмі звацца і не страціць той кавалак зямлі, на якой жывем", - сказаў Прэзідэнт.
У Беларусі створана рабочая група па распрацоўцы праекта дзяржаўнай праграмы «Развіццё электратранспарту» на 2021-2025 гады. Ужо распрацавана канцэпцыя развіцця электратранспарту на пазначаны перыяд, а таксама да 2030 года. Зацверджаны комплекс мер па стварэнні доследных узораў электратранспарту, арганізуецца інфраструктура для даследаванняў і выпрабаванняў кампанентаў сілавога электрапрывада транспартных машын.
Работы па развіцці электратранспарту вядуцца па самых розных напрамках. Гэта не толькі легкавыя аўтамабілі, але і грузапасажырскія, мінівэны. Створаны ўзор ледазалівальнага камбайна з электрапрывадам. Таксама выраблены доследныя ўзоры электравеласіпедаў, электраскутэраў, электрасамокатаў. Арганізаваны эксперыментальны ўчастак па зборцы літый-іённых акумулятарных батарэй для персанальных электрычных транспартных сродкаў. Паралельна ствараецца інфраструктура для выкарыстання электратранспарту, уключаючы вытворчасць і ўстаноўку зарадных станцый. Электратэхналогіі прымяняюцца і пры стварэнні беспілотных лятальных апаратаў.