Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванні членам нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ Вользе Худзенка, Арцёму Козыру, Алене Наздровай і Марыне Літвінчук, якія напярэдадні заваявалі залатыя медалі II Еўрапейскіх гульняў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У віншаванні Вользе Худзенка, якая заваявала ўжо другую залатую ўзнагароду II Еўрапейскіх гульняў, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Прадэманстраваўшы сапраўдныя чэмпіёнскія якасці, ты выйграла фінальны заезд у жаночай байдарцы-адзіночцы на 500 м, які сабраў у Заслаўі найлепшых спартсменак свету. Перакананы, што мэтанакіраванасць, нязломная воля і высокае майстэрства прынясуць табе яшчэ шмат яркіх перамог на найбольш адказных стартах".
Арцёма Козыра Прэзідэнт падзякаваў за яркае і ўпэўненае выступленне. "У фінальным заездзе табе давялося змагацца не толькі з імянітымі сапернікамі, але і са складанымі ўмовамі надвор'я. Ты здолеў захапіць лідарства з першых грэбкаў і ў сваім унікальным стылі атрымаў перамогу", - гаворыцца ў віншаванні.
Новых вяршынь у спартыўнай кар'еры Аляксандр Лукашэнка пажадаў Алене Наздровай. "Дзякуючы ўпартай працы, таленту і мэтанакіраванасці ты ўпэўнена ішла да гэтай гучнай перамогі. Мы шчаслівыя бачыць, як перспектыўная маладая спартсменка становіцца адным з лідараў нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
З другім золатам II Еўрапейскіх гульняў, заваяваным у гонцы на 5000 м, Прэзідэнт павіншаваў Марыну Літвінчук: "Як сапраўдны чэмпіён, ты не толькі лідзіравала на працягу ўсёй дыстанцыі, але самае галоўнае - здолела дадаць на фінішы, не пакінуўшы ні найменшага шанцу саперніцам. Дзякуй табе за гэтае яркае завяршэнне праграмы спаборніцтваў на весласным канале ў Заслаўі".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усёй камандзе і трэнерскаму штабу моцнага здароўя, дабрабыту і новых гучных перамог.
Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт 27 чэрвеня падчас спаборніцтваў разам з іншымі заўзятарамі падтрымліваў беларускіх вясляроў на трыбунах. "Шмат заўзятараў на трыбунах, Прэзідэнт прыехаў паглядзець на наша выступленне, таму старалася ўся каманда", - падзяліўся эмоцыямі з журналістамі Арцём Козыр.