Краснадарскі край - ключавы рэгіён на поўдні Расіі, дзе Беларусь павінна замацавацца. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Расіі Веніямінам Кандрацьевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Формула простая і прычына зразумелая, чаму мы настойліва былі зацікаўлены ў вашым візіце ў Беларусь. Кубань ёсць Кубань - гэта карміцелька, перадавы рэгіён Расійскай Федэрацыі ва ўсіх адносінах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь актыўна развівае супрацоўніцтва з рознымі расійскімі рэгіёнамі. І галоўнае, падкрэсліў ён, рэалізаваць усе дамоўленасці, а іх нямала. "Гэта наш прынцып: калі дамовіліся, трэба выконваць. І апошнім часам мы прыйшлі да таго, што нам трэба ў Расіі вызначацца па ключавых рэгіёнах, адкуль можна працаваць на суседнія рэгіёны і так далей. Кубань мы разглядаем як ключавы рэгіён, дзе мы павінны "заземліцца", - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не проста прывезлі тэхніку і прадалі. Мы хочам з вамі стварыць пэўны хаб. Некалькі такіх буйных цэнтраў па Расіі мы гатовы ствараць і разам з вамі вырабляць там тэхніку, навучаць вашых людзей, калі гэта будзе неабходна для гэтага. Мы да гэтага гатовыя".
Напрыклад, на поўначы Расіі для Беларусі такім рэгіёнам з'яўляецца Санкт-Пецярбург і Ленінградская вобласць. Па тым жа прынцыпе развіваецца супрацоўніцтва і з Афрыкай. Тут Беларусь разглядае ў якасці хабаў для працы на кантыненце Зімбабвэ і Экватарыяльную Гвінею, прывёў прыклады Прэзідэнт.
"Супрацоўніцтва з вамі можа ісці па ўсіх напрамках. Вы гэта выдатна ведаеце. Гэта і сельская гаспадарка, і машынабудаванне, і тыя ж ліфты. Наша палітыка - не кідацца на нешта вялікае новае (таму што гэта вялікія грошы і "дагонім і перагонім" - гэта не наш прынцып), а развіваць тое, што мы ўмеем рабіць. Вось ёсць школа трактарабудавання. Чаму яе не развіваць? Расія, да прыкладу, велізарная - дай бог задаволіць попыт. Тое ж самае камбайнабудаванне, БЕЛАЗы. Мы гэтыя кропкі, дзе ў нас ёсць вопыт і практыка, кампетэнцыі, людзі, спрабуем развіваць. Таму калі Кубані нешта патрэбна, мы дамовімся і абавязкова зробім", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь можа пастаўляць пасажырскую тэхніку на розных тыпах рухавікоў, аднак у беларускага боку ёсць адна просьба - яна павінна якасна і своечасова абслугоўвацца. Калі на месцы няма такой магчымасці, то беларускі бок гатовы дапамагчы ў гэтым - накіраваць сваіх спецыялістаў, арганізаваць падрыхтоўку кадраў у рэгіёне.
"Бо будзе як у Санкт-Пецярбургу, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Пачалі разбірацца, задаю пытанне: а ў іншых рэгіёнах Расіі? У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расіі не гараць. А чаму ў Піцеры гараць? Таму што нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобусаў, узялі на сябе абслугоўванне. Што такое абслугоўванне, вы ведаеце: гэта трэба не толькі ў час гайку закруціць - агляд перад выездам павінен быць пастаянна. А гэтага ўсяго не было. Натуральна, дзесьці ўцечкі, працёкі і гэтак далей. Нешта дзесьці задымілася, у СМІ адразу: "Ах, загарэлася!" Таму калі няма людзей, якія надзейна могуць абслугоўваць тэхніку, мы гэта лепш зробім самі і прытым за меншыя грошы, чым вы б там арганізоўваліся. Але калі такія людзі ёсць - калі ласка. Няма - хочаце, мы іх навучым".
Беларускія будаўнікі таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Краснадарскім краем. Яны маглі б удзельнічаць у праектаванні і ўзвядзенні сацыяльных аб'ектаў і ўстаноў.
"Усё, аб чым дамовімся, мы абавязкова выканаем", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
У гутарцы з журналістамі губернатар Краснадарскага краю адзначыў, што рэгіён набывае ў Беларусі аўтобусы МАЗ. Гаворка аб мадэлях з выкарыстаннем газаматорнага паліва, якія больш экалагічныя. "Мы кажам, што поўдзень Расіі - гэта экалагічны рэгіён. Грамадскі транспарт на традыцыйным паліве - гэта, можа быць, ужо дзесьці ўчарашні дзень. А мы кажам нават не пра сённяшні, а пра заўтрашні дзень. Грамадскі транспарт, я ўпэўнены, мы максімальна будзем эвалюцыйным спосабам замяняць. У тым ліку за кошт аўтобусаў, якія вырабляюцца ў Беларусі", - сказаў Веніямін Кандрацьеў.
Асабліва ён падкрэсліў цікавасць і да электробусаў, што таксама абмяркоўвалася на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы. "Мы зараз з Прэзідэнтам абмеркавалі ў цэлым магчымасць пераходу грамадскага транспарту ў Сочы як пілотнага праекта. Таму што Сочы - гэта горад - жамчужына Расіі. Зараз будзем пралічваць, разумець. І тады, можа быць, нават не на газаматорным паліве, а наогул на электрычнасці будзе грамадскі транспарт. Гэта тыя самыя новыя гарызонты, якія вельмі важна рэалізоўваць", - распавёў губернатар.
Па выніках мінулага года таваразварот паміж Беларуссю і Краснадарскім краем вырас на 60% і склаў амаль $557 млн. Вынікі сямі месяцаў гэтага года таксама дэманструюць станоўчую дынаміку: узаемны гандаль перавысіў $337 млн, павялічыўшыся на 24,8%.
belta.by