Краснадарскі край – ключавы рэгіён на поўдні Расіі, дзе Беларусь павінна замацавацца. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Расіі Веніямінам Кандрацьевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Формула простая і прычына зразумелая, чаму мы настойліва былі зацікаўлены ў вашым візіце ў Беларусь. Кубань ёсць Кубань – гэта карміцелька, перадавы рэгіён Расійскай Федэрацыі ва ўсіх адносінах", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь актыўна развівае супрацоўніцтва з рознымі расійскімі рэгіёнамі. І галоўнае, падкрэсліў ён, рэалізаваць усе дамоўленасці, а іх нямала. "Гэта наш прынцып: калі дамовіліся, трэба выконваць. І апошнім часам мы прыйшлі да таго, што нам трэба ў Расіі вызначацца па ключавых рэгіёнах, адкуль можна працаваць на суседнія рэгіёны і гэтак далей. Кубань мы разглядаем як ключавы рэгіён, дзе мы павінны "заземліцца", – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Гэта не проста прывезлі тэхніку і прадалі. Мы хочам з вамі стварыць пэўны хаб. Некалькі такіх буйных цэнтраў па Расіі мы гатовы ствараць і разам з вамі вырабляць там тэхніку, навучаць вашых людзей, калі гэта патрэбна будзе для гэтага. Мы да гэтага гатовыя".

Напрыклад, на поўначы Расіі для Беларусі такім рэгіёнам з'яўляецца Санкт-Пецярбург і Ленінградская вобласць. Па тым жа прынцыпе развіваецца супрацоўніцтва і з Афрыкай. Тут Беларусь разглядае ў якасці хабаў для працы на кантыненце Зімбабвэ і Экватарыяльную Гвінею, прывёў прыклады Прэзідэнт.

"Супрацоўніцтва з вамі можа ісці па ўсіх напрамках. Вы гэта выдатна ведаеце. Гэта і сельская гаспадарка, і машынабудаванне, і тыя ж ліфты. Наша палітыка – не кідацца на нешта вялікае новае (таму што гэта вялікія грошы і "дагонім і перагонім" – гэта не наш прынцып), а развіваць тое, што мы ўмеем рабіць. Вось ёсць школа трактарабудавання. Чаму яе не развіваць? Расія, да прыкладу, велізарная – дай бог задаволіць попыт. Тое ж самае камбайнабудаванне, БЕЛАЗы. Мы гэтыя кропкі, дзе ў нас ёсць вопыт і практыка, кампетэнцыі, людзі, спрабуем развіваць. Таму калі Кубані нешта трэба, мы дамовімся і абавязкова зробім", – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.