Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Анголы Жуау Лаўрэнсу і грамадзян гэтай краіны з 50-годдзем незалежнасці. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"За паўстагоддзя свайго існавання ваша краіна прайшла цяжкі шлях станаўлення і развіцця. Сёння Ангола - суверэнная дзяржава, адзін з лідараў на Афрыканскім кантыненце з моцным эканамічным патэнцыялам і палітычным аўтарытэтам у свеце", - гаворыцца ў віншаванні.

Беларусы ганарацца тым, што ў часы СССР у складзе адзінай савецкай дзяржавы дапамагалі слаўнаму ангольскаму народу ў яго самаадданай барацьбе за самастойнасць, адзначыў Прэзідэнт.

"Мінск застаецца верным і надзейным партнёрам Луанды і гатовы да пашырэння ўзаемадзеяння ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і культурнай сферах у першую чаргу праз рэалізацыю сумесных праектаў у сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, здабыўной прамысловасці, адукацыі і навуцы, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - У сувязі з гэтым лічу неабходным актывізаваць двухбаковыя кантакты на ўсіх узроўнях".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Жуау Лаўрэнсу і яго блізкім здароўя, а жыхарам Анголы - мірнага неба і поспехаў.

belta.by