Дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук пакуль не дае тых вынікаў, якіх ад яе чакаюць, няма манетызацыі даследаванняў і распрацовак. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 снежня на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі ўкладваюць у айчынную навуку, падтрымліваюць новыя навуковыя напрамкі, ствараюць максімальна спрыяльныя ўмовы.
"На жаль, Акадэмія навук не стала драйверам апярэджвальнага навукова-тэхнічнага развіцця краіны на цяперашнім этапе. У нас крытычна мала прарыўных навуковых дасягненняў, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Ад дзейнасці акадэміі мы не бачым той аддачы, на якую разлічвалі. Няма манетызацыі даследаванняў і распрацовак Акадэміі навук. А гэта галоўны крытэр ацэнкі эфектыўнасці". У адваротным выпадку, як адзначыў Прэзідэнт, узнікае пытанне, ці патрэбна краіне Акадэмія навук у такім выглядзе ці лепш сканцэнтравацца на галіновай, ВНУ-шнай навуцы.
Ёсць пункт гледжання, што навуцы трэба даваць больш грошай. На гэта Прэзідэнт слушна заўважыў: "Будзе вынік - бясплатна працаваць ніхто не будзе. У даўгу не застанемся".