9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўная задача дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі – захаваць стабільнасць у краіне, забяспечыць законнасць і правапарадак.

9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўная задача дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі – захаваць стабільнасць у краіне, забяспечыць законнасць і правапарадак. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па пытаннях дзейнасці дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дэмакратыя дэмакратыяй, але бязмежжа быць не павінна. І не будзе. Вы бачылі ў Злучаных Штатах, Заходняй Еўропе, як супердэмакратычныя дзяржавы (якія, дарэчы, нас вучылі дэмакратыі) абышліся з пратэстуючымі. Галоўная задача дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі – захаваць стабільнасць у краіне, забяспечыць законнасць і правапарадак. Тое, што ад вас патрабуюць Канстытуцыя і закон", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, для абмеркавання на нараду вынесены многія пытанні, але асноўная ўвага будзе нададзена правядзенню выбарчай кампаніі і выбараў Прэзідэнта Беларусі. "Усяго тры тыдні як стартавала гэтая выбарчая кампанія, але ўжо сёння мы бачым, што далёка не ўсе кандыдаты ў кандыдаты маюць намер прайсці гэты шлях цывілізавана. Наўкола парушэнні заканадаўства, больш таго, этычных нормаў, абразы, выпады ў бок улады. Ёсць і такія, хто лічыць, што для дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што ў барацьбе за сімпатыі насельніцтва яны выкарыстоўваюць выключна папулісцкія лозунгі і нічым не падмацаваныя абяцанні, - гэта хай разбіраюцца самі людзі. Яны прааналізуюць, зробяць адпаведныя высновы. Народ разбярэцца".

Прэзідэнт звярнуў увагу на недапушчальнасць ператварэння збору подпісаў у несанкцыянаваныя мітынгі і масавыя мерапрыемствы з парушэннем усіх магчымых і немагчымых законаў і нормаў маралі. "Дапусціць парушэнні закона нельга: потым нам давядзецца за гэта вельмі дорага заплаціць. Вы ведаеце, як падобная сітуацыя развівалася ва Украіне. Таму закон і яшчэ раз закон. Ён павінен быць бездакорна выкананы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.