"Сфарміраваная талентам і працай многіх выдатных сыноў і дачок беларускай зямлі, наша ўнікальная культура даўно стала неад'емнай часткай агульнай спадчыны ўсяго чалавецтва", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён са шкадаваннем адзначыў, што цяпер усё часцей назіраюцца спробы забараніць або выключыць яе з парадку дня разам з сімваламі Радзімы, тысячагадовай гісторыяй і ўсім тым, чым ганарацца беларусы.
"Магчыма, прычыны такога стаўлення ў тым, што мы верныя традыцыям продкаў і духоўна адрозніваемся ад таго ж Захаду. Там даўно прывыклі атаясамліваць чалавечую культуру з лёсамі ўсяго чалавецтва. Гэта прывяло да гвалтоўнага навязвання заходніх каштоўнасцей іншым нацыям і знішчэння культурнай разнастайнасці планеты", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што насуперак сілам, якія імкнуцца пасеяць разлад і нянавісць у беларускім грамадстве, трэба праявіць згоду і агульнасць духоўных традыцый і гістарычнага лёсу народа.
Сімвалічна менавіта ў Дзень народнага адзінства Прэзідэнт абвясціў аб старце ўсебеларускай акцыі "Марафон адзінства". "Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет вакол гармоніяй і ўзаемаразуменнем", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта дасць магчымасць кожнаму адчуць усю палітру талентаў беларускай зямлі і дакрануцца да багатай спадчыны нацыянальнай культуры. "Няхай яркія фарбы і мелодыі творчасці ва ўсіх кутках краіны абудзяць у сэрцах беларусаў любоў да сваёй Радзімы", - дадаў Прэзідэнт.
"У гэтым залог годнай будучыні нашага народа і святы абавязак сучаснікаў, на якім павінна будавацца жыццё ў адзінай сям'і патрыётаў і працаўнікоў, імя якой - Беларусь, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Давайце разам любіць, сябраваць, марыць, працаваць і адпачываць па-беларуску! Давайце берагчы і абараняць Беларусь! Гэта нам запавядалі продкі, пра гэта мы гаворым нашчадкам. Гаворым таму, што час выбраў нас!"