Асвойваць сямейныя каштоўнасці трэба перш за ўсё на прыкладзе бацькоў, а не падчас урокаў. Такі погляд выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пытанне намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя датычылася падрыхтоўкі новай вучэбнай праграмы. Яна спытала ў кіраўніка дзяржавы, ці ёсць неабходнасць у тым, каб рыхтаваць дзяцей да сямейнага жыцця не толькі на факультатыўных занятках, але і распрацаваць вучэбную праграму, накіраваную на фарміраванне ў падлеткаў культуры сямейнага жыцця, падрыхтоўку да шлюбу, адказнага бацькоўства.
Прэзідэнт у цэлым не падтрымаў такую ініцыятыву: "Гэта нашы каштоўнасці (вы іх пералічылі). Яны павінны ад сям'і, ад нараджэння дзіцяці да таго, як яно саспее і, можа быць, да смерці, улічвацца, асвойвацца. І для гэтага не трэба праграм і ўрокаў".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе абазначаныя тэмы, якія фарміруюць у чалавеку традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, абмяркоўваліся раней у савецкіх школах. Толькі рабілася гэта дзесьці паміж заняткамі, да ці пасля іх, а таксама ў сям'і.
"Гэта быў лад жыцця. Не абавязкова вылучаць для гэтага нейкія гадзіны і праграмы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сучасных школах гэта, на жаль, практычна знікла. Таму Прэзідэнт не супраць, калі будзе выпрацавана нейкая праграма пра сямейныя каштоўнасці і падрыхтоўку да сямейнага жыцця.
Толькі я вас прашу, не спадзявайцеся, што мы ў школе павялічым колькасць гадзін. Я прыхільнік таго, каб у суботу дзеці адпачывалі", - папярэдзіў ён.
У любым выпадку пры прыняцці таго ці іншага рашэння Прэзідэнт арыентаваў на агучаную ім раней формулу: "Зыходзьце з маёй формулы: мы можам усё. Але першае пытанне: трэба гэта нам ці не? Другое пытанне: а колькі гэта будзе каштаваць?"
Крыніца: belta.by