Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў кіраўніцтва, асабовы склад і ветэранаў спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы "Стрэла" Міністэрства ўнутраных спраў з 30-гадовым юбілеем з дня яго ўтварэння. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Строгі і велічны эскорт матацыклаў або картэж машын суправаджэння з'яўляецца неад'емнай састаўной часткай дыпламатычнага пратаколу, надае ўрачысты сімвалізм і падкрэслівае асаблівую павагу краіны, якая прымае высокіх гасцей, - гаворыцца ў віншаванні. - Вы дэманструеце высокі прафесіяналізм, не толькі забяспечваючы суправаджэнне і эскортаванне вышэйшых службовых асоб і кіраўнікоў дэлегацый замежных дзяржаў, але і аказваючы практычную дапамогу падраздзяленням ДАІ ў складаных сітуацыях на дарогах рэспублікі, удзельнічаючы ў спецыяльных мерапрыемствах, у тым ліку аператыўнага характару".

З упэўненасцю можна сказаць, што служыцелямі правапарадку становяцца людзі, якімі рухае пачуццё справядлівасці, жаданне забяспечыць спакой і бяспеку грамадзян. Менавіта такія супрацоўнікі ўваходзяць у склад спецыяльнага падраздзялення і здольныя выконваць пастаўленыя задачы на самым высокім узроўні, падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівыя словы прызнальнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў ветэранам, якія з'яўляюцца ўзорам вернасці прысязе, сапраўднымі настаўнікамі для маладога пакалення, чый каштоўны вопыт заўсёды запатрабаваны.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім супрацоўнікам і ветэранам спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы "Стрэла" прафесійных поспехаў, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту.

Крыніца: belta.by