Адносіны Беларусі з Казахстанам знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, але ёсць над чым працаваць. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Казахстана Муратам Нуртлеу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дадзены візіт будзе спрыяць умацаванню двухбаковых адносін. "Мы можам канстатаваць сёння, што адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, але, як кажуць спартсмены, ёсць над чым працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
У Беларусі, па словах Прэзідэнта, вельмі ўважліва назіраюць за працэсам трансфармацыі інстытутаў кіравання і грамадства ў Казахстане і, як гаворыцца, многае бяруць на аловак. "Вельмі правільна вы робіце, умацоўваючы тым самым і незалежнасць сваёй дзяржавы, і бяспеку, што немалаважна сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы павінны ведаць, што Беларусь заўсёды была вашым сябрам і на нас вы тут, калі вам спатрэбіцца, можаце разлічваць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Падчас сустрэчы беларускі лідар таксама перадаў прывітанне і самыя цёплыя пажаданні свайму казахстанскаму калегу і добраму сябру Касым-Жамарт Такaеву. "Калі будзе магчымасць, і першаму Прэзідэнту Казахстана, з якім мы вельмі шмат працавалі, Нурсултану Абішавічу (Назарбаеву. - Заўвага БЕЛТА) таксама перадайце самыя добрыя пажаданні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Крыніца: belta.by