Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Салігорскі раён азнаёміўся з развіццём у краіне птушкагадоўчай галіны, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы наведаў Салігорскую птушкафабрыку, дзе яму далажылі аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Размова таксама ішла аб рэалізацыі інвестпраекта па стварэнні селекцыйна-генетычнага цэнтра ў сферы птушкагадоўлі.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання прадпрыемства пабываў на перапёлавай ферме, азнаёміўся з тэхналогіямі ўтрымання прамысловага статка перапёлак.

На Салігорскай птушкафабрыцы рэалізаваны праект па будаўніцтве інавацыйнай перапёлавай фермы замкнёнага цыклу з аўтаматызаваным зборам і пакаваннем яек. Для Беларусі гэты праект унікальны. Пасля выхаду перапёлавай фермы на праектную магутнасць плануецца атрымліваць штогод не менш за 200 млн штук перапёлавых яек, а аб'ём вытворчасці гэтага прадукту павялічыцца ў 1,8 раза.

У рамках распрацаванай праграмы па селекцыйным адборы і вытворчасці якаснага маладняку перапёлак на новай пляцоўцы перапёлавай фермы ў 2025 годзе ўдалося дасягнуць высокіх паказчыкаў па прадукцыйнасці.

Салігорская птушкафабрыка з'яўляецца інвестыцыйна-актыўным прадпрыемствам. Таварыства прыступіла да рэканструкцыі аднаго з чатырох існуючых птушнікаў. На стадыі распрацоўкі праектнай дакументацыі знаходзяцца яе два значныя інавацыйныя праекты. Адзін з іх – стварэнне селекцыйна-генетычнага цэнтра па развядзенні перапёлак. Другі праект – будаўніцтва цэха па перапрацоўцы перапёлавых яек.

У цэлым на прадпрыемстве вырабляюцца яйкі курэй, перапёлак, пастаўляецца на рэалізацыю і мяса птушкі.