Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 верасня 2017 года падпісаў указ №337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб". Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна вырабленых грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месцаў для кароткачасовага пражывання фізічных асоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, наладцы музычных інструментаў, насяканні дроў, пагрузцы грузаў, кладцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аздобных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп'ютэрнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр'ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульнявыя і касметычныя паслугі.

Такім чынам, у пераліку легалізаваны віды эканамічнай дзейнасці, якія сёння фактычна ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі ў хатніх умовах (напрыклад, цырульнявыя паслугі) або могуць ажыццяўляцца ў такіх умовах без пагрозы прычынення шкоды як асобным грамадзянам, так і грамадству ў цэлым.

Выданне ўказа створыць дадатковыя ўмовы для павышэння самазанятасці насельніцтва, уцягвання яго ў эканамічную дзейнасць і, такім чынам, будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва ў нашай краіне.

Асноўныя палажэнні дакумента ўступаюць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)