Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка падпісаў указы, накіраваныя на ўдасканаленне падыходаў да парадку будаўніцтва і крэдытавання жылля. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Указ №95 "Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве жылля" прыняты з мэтай стварэння адзінага нарматыўнага дакумента па прадастаўленні грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры паляпшэнні жыллёвых умоў. У ім аб'яднаны ўсе існуючыя ў краіне формы такой падтрымкі.
 
Памеры дзяржпадтрымкі ўстаноўлены на дзеючым узроўні. Катэгорыі асоб, якія маюць права на яе (усе грамадзянскія і ваенныя), парадак і ўмовы яе прадастаўлення захоўваюцца.
 
Указ прадугледжвае тры формы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля:

льготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах, пабудаваных па дзяржзаказе (21 катэгорыя грамадзян);

аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля (17 катэгорый грамадзян);

фінансавая дапамога дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах (для шматдзетных і маладых сем'яў, пры нараджэнні дзяцей).
 
Асобныя катэгорыі грамадзян могуць мець права на ўсе формы дзяржаўнай падтрымкі.
 
Сярод асноўных новаўвядзенняў указа - выключэнне грамадзян з удзелу ў працэсе долевага будаўніцтва і прадастаўленне льготных крэдытаў толькі на куплю кватэр у шматкватэрных жылых дамах, пабудаваных па дзяржаўным заказе (пры гэтым па індывідуальных жылых дамах захоўваецца крэдытаванне на будаўніцтва і куплю). Акрамя таго, субсідыі на пагашэнне доўгу і працэнтаў па камерцыйных крэдытах на будаўніцтва жылля замяшчаюцца льготнымі крэдытамі.
 
У населеных пунктах з колькасцю да 20 тыс. чалавек льготныя крэдыты будуць прадастаўляцца для куплі жылля як на першасным рынку (пабудаванага па дзяржаўным заказе), так і на другасным.
 
Указам №94 у новай рэдакцыі выкладаецца Указ ад 8 мая 2013 года №215, якім уведзены механізм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля.