Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Закон прыняты ў мэтах рэалізацыі прынцыпу гуманізму і ў сувязі са значнай датай у гісторыі Рэспублікі Беларусь - 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.
Дакументам вызначаны катэгорыі асоб, асуджаных за злачынствы, што не адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання (непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да васемнаццаці гадоў, асобы пенсійнага ўзросту, інваліды I і II груп, ветэраны баявых дзеянняў, асобы, якія атрымалі раненні ў перыяд праходжання службы, ажыццяўлення службовай дзейнасці, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асуджаных). Асобным катэгорыям асуджаных, якія не падлягаюць вызваленню, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пакарання на 1 год.
З улікам складзенай практыкі прымянення амністыі яна не распаўсюджваецца на асоб, да якіх на працягу 2009-2015 гадоў прымянялася амністыя або памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства; якія цалкам не кампенсавалі прычыненую злачынствамі шкоду (урон), не выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам; якія злосна парушаюць парадак адбыцця пакарання; асуджаных за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, злачынныя дзеянні сексуальнага характару, бандытызм, тэрарызм, масавыя беспарадкі, парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане ап'янення, што пацягнула смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, незаконны абарот наркотыкаў і шэраг іншых злачынстваў, што характарызуюцца высокай грамадскай небяспекай.
Мяркуецца вызваліць ад крымінальнага пакарання 8,6 тыс. асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі - 2,2 тыс. чалавек.
Закон уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і падлягае выкананню на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення яго ў сілу.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)