Развіццё раёнаў у Беларусі будзе ісці за кошт рэалізацыі канкрэтных невялікіх праектаў. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанні працоўнага калектыву Міёрскага металапракатнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ісці па шляху стварэння буйных вытворчасцей у невялікіх гарадах, як гэта было, напрыклад, у Міёрах, мэтазгодна. Бо туды сыходзіць вялікая колькасць кадраў і ў выніку рабочых рук у сельскай гаспадарцы становіцца недастаткова.
"Вы, як пыласос, з сяла выцягнулі велізарную колькасць рабочых рук. А нам трэба і людзей карміць, Віцебшчына павінна сябе забяспечваць. Нам трэба, каб людзі на палях працавалі. А на палях не хапае людзей. Таму гэта не той шлях, па якім мы пойдзем і будзем у маленькіх гарадах або паблізу гэтых гарадоў будаваць такія вытворчасці (буйныя заводы, падобныя да ММПЗ. - Заўв. БЕЛТА)", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Самым аптымальным варыянтам Прэзідэнт лічыць арганізацыю ў кожным раёне невялікай вытворчасці максімум на 60 рабочых месцаў. І адпаведныя даручэнні па стварэнні такіх аб'ектаў былі даведзены кіраўнікам райвыканкамаў: "Кожнаму старшыні райвыканкама даручана на працягу гэтага года стварыць такую вытворчасць, каб людзі былі на працы, працавалі і маглі зарабіць".
Што тычыцца будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў (дзіцячых садкоў, школ, бальніц і г.п.), то гэтым будзе займацца дзяржава, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Дзяржава ж, па яго словах, будзе старацца аказваць падтрымку пры будаўніцтве жылля, але ў гэтым грамадзяне павінны ў асноўным разлічваць на ўласныя сілы і садзейнічанне працадаўцы. "Вы павінны самі зарабляць і будаваць разам з прадпрыемствам. Мы будзем падтрымліваць ваша прадпрыемства, каб вы будавалі арэнднае жыллё, каб гэта жыллё належала вашаму заводу. Прыйшоў на завод - атрымлівай кватэру, сышоў - да пабачэння. Вы скажаце: прывязваеце людзей да завода, да працы. А куды дзявацца?" - сказаў Прэзідэнт.