Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра юстыцыі Сяргея Хаменку, даручыў неадкладна разгортваць работу па нарматворчасці ў развіццё новай Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра юстыцыі Сяргея Хаменку, даручыў неадкладна разгортваць работу па нарматворчасці ў развіццё новай Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Хаменка на пасадзе міністра юстыцыі працуе крыху больш за паўгода. Але, адзначыў Прэзідэнт, нагрузка на дзяржслужачых у Беларусі велізарная, а значыць, тэрмін службы можна павялічваць удвая.
"Мы з вамі дамаўляліся, што вы свежым поглядам паглядзіце на Мінюст. І як чалавек, можа быць, не столькі звязаны з нарматворчасцю і асабліва кантролем, арганізацыяй нарматворчага працэсу, падумаеце над тым, як удасканаліць работу Міністэрства юстыцыі, - нагадаў кіраўнік дзяржавы. - Хацелася б пачуць, якая сітуацыя, якая выканальніцкая дысцыпліна ў вашым ведамстве і як працуюць кадры. Кадровая работа пытаннем нумар адзін заўсёды была, ёсць і будзе. Ваш пункт гледжання ў сувязі з гэтым".
Разам з Сяргеем Хаменкам на даклад да Аляксандра Лукашэнкі прыйшла і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна былі прыняты змены ў Канстытуцыю Беларусі, такім чынам створаны "новы каркас дзяржавы ў сферы законаў і законатворчасці".
"Натуральна, мы павінны былі даўно падлічыць, колькі нам трэба змяненняў і дапаўненняў, колькі законаў прыняць у развіццё той Канстытуцыі, якая прынята на рэферэндуме і сёння дзейнічае. Гэту работу трэба неадкладна разгортваць, - паставіў задачу Прэзідэнт. - Вам абодвум давядзецца гэтым займацца перш за ўсё. Мы ўсе будзем да гэтага працэсу датычныя, таму што нарматворчасць не можа залежаць толькі ад двух чалавек ці ж ад двух ведамстваў. Гэта выключана. Уся краіна павінна займацца гэтымі працэсамі".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як бачаць гэту работу ў Міністэрстве юстыцыі і калі плануецца яе пачаць. Прэзідэнт заўважыў, што заканадаўства павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй на працягу двух гадоў, і гэты час праляціць вельмі хутка. "Таму трэба асноўныя законы прымаць зараз", - падкрэсліў ён.
Крыніца: belta.by