Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэдні заробак на ўзровень $500 пры ўмове адпаведнага росту прадукцыйнасці працы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця абласнога цэнтра, Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні ўзровень заробкаў лічыць недастатковым. "Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у $500 у будучым годзе", - даручыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы дадаў, што павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасці працы мэтазгодна. "Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да $500 наблізіліся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба людзей падтрымліваць ва ўсім".
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на стварэнне працоўных месцаў і працаўладкаванне грамадзян. "Гэта павінны быць новыя працоўныя месцы, падману тут ніякага не павінна быць, таму што будзеце падманваць самі сябе", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама паставіў задачу больш актыўна працаваць з стратнымі прадпрыемствамі, асабліва з тымі, якім пагражае банкруцтва. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зрабіць усё магчымае, каб яны працавалі. "Гэтыя фразы "аббанкроцім праз санацыю" - вы проста палохаеце людзей і калектывы. Ніхто не дазволіць прадпрыемствы зачыняць або бяздумна прадаваць. Трэба ад гэтага адысці раз і назаўжды і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. Гэта мы банкруты, калі ў нас гаспадарка або прадпрыемства такое, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Прадпрыемствы трэба ратаваць, каб людзі працавалі. Таму накіроўвайце туды каго хочаце (гэта ваша справа) і кіруйце, пакуль яно не выйдзе на нармальны ўзровень працы".