На гістарычных мясцінах паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Чорнага мора пабываў 28 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.
Таксама адбылася сустрэча на абхазскай зямлі. З Асланам Бжаніяй кіраўнік беларускай дзяржавы абмеркаваў эканамічныя праекты, перспектыўныя пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Абхазіі.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні абмяркоўваў праблемы Абхазіі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Мы шмат вельмі, да ночы абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Ён вельмі паглыблены, больш, чым я, у праблемы і справы Абхазіі. Не буду доўга гаварыць пра гэта, але мы прыйшлі да адной высновы: што Абхазія ёсць, яе з карты не сцерці, ніякія санкцыі не змогуць гэтага зрабіць. Абхазію, як ён кажа, нельга кідаць, трэба дапамагаць. Каб гэты квітнеючы край і тыя людзі, якія тут жывуць, жылі нармальна", - заявіў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што прыехаў не таму, што "нейкая сітуацыя склалася". "У нас нармальная сітуацыя. Мы не пакутуем ніякай геапалітыкай. Мы проста хочам, як і вы, мірны, добры, працавіты народ, жыць у згодзе", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, эканоміка, гандлёва-эканамічныя сувязі павінны стаць фундаментам адносін. "Мы прыехалі з дабром. І калі мы чымсьці вам можам дапамагчы, прытым гэта будзе ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, мы гэта зробім. Пагаворым пра многае. Я чалавек, як вы ведаеце, ужо дасведчаны. І ў палітыцы, і ў іншых сферах. Пагаворым, падумаем, як нам жыць далей. Галоўнае, каб тут народ жыў годна. Таму што гэты райскі куток нашай зямлі гэтага варты. А людзі тут святыя. Не для падлабузніцтва вам кажу: святыя! Я гэта памятаю з савецкіх часоў, калі тут бываў. Таму мы хочам наладзіць гэты не проста мост дружбы, а вельмі сур'ёзныя нашы адносіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.